ЦВК загадала прыбраць фіранкі з кабінак для галасавання падчас рэферэндуму
У метадычным дапаможніку, выдадзеным Цэнтрвыбаркамам для ўчастковых камісій па рэферэндуме, прапісана, што фіранак на ўваходах у выбарчыя кабінкі быць не мусіць.
«У мэтах прафілактыкі рызыкаў, звязаных з распаўсюджваннем каранавіруснай інфекцыі, неабходна выключыць выкарыстанне ў кабінах для галасавання пярэдняй шторкі, забяспечыўшы пры гэтым таямніцу волевыяўлення ўдзельнікаў рэферэндуму», — гаворыцца ў мэтадычным дапаможніку для ўчастковых камісій па рэферэндуме.
Такую ж меру ЦВК увёў падчас прэзідэнцкіх выбараў 2020 году. Тагачасная старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына патлумачыла гэта тым, што гэта неабходна, каб «у гэтых замкнёных прасторах не стваралася шкоднаснае эпідэміялагічнае асяроддзе».
Насамрэч, адсутнасць фіранак, хутчэй за ўсё, звязаная з заклікам дэмакратычных сілаў ставіць у бюлетэнях два крыжыкі і фатаграфаваць іх. Цяпер гэта давядзецца рабіць на вачах членаў камісіі і дзяжурных сілавікоў.