Саірмэ: месца, дзе жывуць алені



Напрыканцы 2021 году ўдалося патрапіць у адзін з курортаў Грузіі, які мае назву Саірмэ. Месца, якое здзіўляе сваёй прыгажосцю, і вядомае сваёй мінеральнай вадою, крыніцы б´юць нават каля дарогі, калі едзеш у гэтае месца. Для мяне курорт вельмі падобны да ўкраінскага Трускаўца, дзе я быў яшчэ на пачатку 2000-х.

Лячэбна-аздараўленчы курорт „Саірмэ” размешчаны ў Грузіі недалёка над горада Кутаісі.

Слова «Саірмэ» даслоўна перакладаецца як «месца, дзе водзяцца алені». Паводле легенды, узімку з лясоў, якія атачаюць гэтае месца, да мінеральных крыніцаў спускаліся алені і дзікія козы.

Само месца знаходзіцца на вышыні 950 метраў над узроўнем мора і адміністрацыйна адносіцца да Багдацкага муніцыпалітэту Імерэціі.

Гэтае месца адрозніваецца ўнікальным геаграфічным становішчам, лячэбнымі мінеральнымі крыніцамі, па-экалагічнаму чыстым навакольным асяроддзем і прыгожай прыродай. Курорт знаходзіцца ў горнай зоне субтрапічнага пояса. Саірмэ адрозніваецца багатымі запасамі лячэбных, мінеральных і тэрмальных вод, іглічнымі і ліставымі лясамі.

Усё гэта надае Саірме аўтарытэт адной з найважнейшых курортных зон у Еўропе. Як лякарня Саірмэ вядома яшчэ з канца XIX-го стагоддзя, а як лячэбны курорт пачало функцыянаваць у пачатку 1930-х. Менавіта тады былі пабудаваныя курортныя карпусы, вывучаны склад мінеральных вод і іх лячэбныя ўласцівасці, абсталяваны пункты медыцынскага абслугоўвання.

Курорт цалкам аднавілі ў першы раз 2011 годзе і ў другі раз 2018 годзе. На сённяшні дзень Саірмэ па сваёй інфраструктуры з’яўляецца самым вялікім і адным з найлепшых месцаў для адпачынку ў Еўропе. Лячэбна-аздараўленча-забаўляльны комплекс прыцягвае шматлікіх жадаючых з Еўропы і пост-савецкай прасторы.

Прырода сапраўды тут вельмі прыгожая. Лясы і горы ахінаюць курорт, і ты нібы трапляеш у казку. Тут можна паспытаць у 4-х месцах ваду, розную як па якасці, так і па мінеральных дадатках. Яна зусім іншая, калі параўноўваць з вядомымі грузінскімі мінеральнымі водамі, такімі як «Баржомі» і «Набеглаві» – і мне падабаецца менавіта такая вада. Аднак, як кажуць, «на густ і колер у кожнага свае прыярытэты».

Даязджаў я да гэтага курорту з Батумі падчас экскурсійнага маршруту, які адбываўся па розных кропках Грузіі. Планую наведаць Саірмэ яшчэ цягам 2022 году, калі будзе зусім іншае летняе надвор´е.

Саірмэ, думаю, мы яшчэ ўбачымся!

Сяргей Апановіч, Беларускае Радыё Рацыя, Батумі – Саірмэ