У Варшаве паставяць помнік героям беларускай рэвалюцыі



У варшаўскім раёне Воля будзе ўсталяваны помнік героям беларускай рэвалюцыі, паведамляе Gazeta Wyborcza. Яго размесцяць у парку Шыманскага — найбуйнейшым парку ў  гэтым раёне польскай сталіцы.  Над інсталяцыяй пад назвай «Праспект узыходзячага сонца» працуе вядомы польскі скульптар Павел Альтхамэр. Яна будзе складацца з 7 адлітых з алюмінію фігур, якія прадстаўляюць дэмакратычных актывістаў, зняволеных рэжымам Аляксандра Лукашэнкі. Гаворка ідзе, сярод іншага, пра журналіста і польскага актывіста Анджэя Пачобута, кіраўніцу Саюза палякаў у Беларусі Анжаліку Борыс, прадстаўніцу перадвыбарнага штабу Віктара Бабарыкі Марыю Калесьнікаву, беларускага блогера і кандыдата ў прэзідэнты Сяргея Ціханоўскага, які трапіў за краты за тры месяцы да выбараў.

Паводле скульптара, размаляваныя залатым колерам фігуры беларускіх герояў будуць ісці з высока ўзнятай галавой, як быццам іх толькі што вызвалілі з няволі. «Яна павінна нагадаць пра зняволеных актывістаў і адначасова паказаць, што ў іх у Польшчы ёсць сябры, што мы пакутуем разам з беларусамі», — кажа скульптар.

«Мне вельмі падабаецца гэтая ідэя», — кажа пра помнік прэзідэнт Варшавы Рафал Тшаскоўскі.

Фота: Reuters