Агляд прэсы: новая заклапочанасць
На мяжы Польшчы з Беларуссю паўстаюць муры. Адказ ЗША па Украіне: якія будуць дзеянні Масквы? У Грэцыі парламент вынес пытанне аб даверы да ўраду. Гішпанскі касцёл аддае спадчыну Франка. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
«Польшча пачала будаўніцтва металічнай агароджы на мяжы з суседняй Беларуссю коштам 400 мільёнаў даляраў, якая мае вышыню 18 футаў і праходзіць каля паловы з 247 міляў мяжы. Краіна хоча скараціць колькасць людзей, якія перасякаюць мяжу, і абвінавачвае Беларусь у выкарыстанні зброі мігрантаў для дэстабілізацыі ЕЗ», – піша амерыканскі часопіс Forbes.
«Нягледзячы на тое, што немагчыма ведаць дакладныя матывацыі Лукашэнкі, абвінавачванне ЕЗ сапраўды выклікае пэўны давер. Лукашэнка, магчыма, у пэўнай ступені прытрымліваецца сцэнару прэзыдэнта Турцыі Эрдагана. Эрдаган даўно прызнаў палітычны патэнцыял для стварэння зброі ў выглядзе міграцыі і неаднаразова выкарыстоўваў пагрозу «адкрыцця шлюзаў», каб аказаць ціск на ЕЗ у перамовах. Такія дзеянні часта выклікалі антаганізм у адносінах паміж Грэцыяй і іншымі краінамі-членамі ЕЗ, і Лукашэнка цалкам можа спадзявацца займець гэты вопыт з Польшчай. Засяроджваючыся на ўзмацненні сек’юрытызацыі і мілітарызацыі мяжы, ЕЗ фактычна робіць рэальнай шкоду, якую Лукашэнка нібыта разлічваў нанесці. Гэта на шкоду ўсім, але ў асноўным тым людзям, якія апынуліся ў прамым і пераносным сэнсе паміж Беларуссю і ЕЗ», – разважае амерыканскае выданне.
У ходзе перамоваў па сітуацыі вакол Украіны ЗША далі Расеі пісьмовы адказ: палітыка адчыненых дзвярэй, якая праводзіцца НАТО, перагляду не падлягае. А вось па пытанні кантролю над узбраеннямі ў Еўропе дыялог цалкам магчымы. У выпадку ўварвання расейскіх войскаў ва Украіну з боку Захаду рушаць услед суровыя санкцыі. Міністр замежных спраў РФ Лаўроў не выказаў задавальнення гэтым адказам, аднак падкрэсліў, што Масква не імкнецца да вайны.
Італьянская газета Corriere della Sera дала свой каментар.
«Калі ў 2014 годзе Расея захапіла Крым, урадам заходніх краін спатрэбілася некалькі месяцаў для таго, каб дамовіцца аб увядзенні санкцыяў. Тагачасны пералік мераў каштаваў Расеі ўсяго толькі паўтары працэнтных пунктаў росту. Уладзімір Пуцін вырашыў, што гэта цалкам прымальны кошт за вяртанне часткі маскоўскай імперыі. Але на гэты раз амерыканцы наўрад ці дазволяць Расеі лёгка адкараскацца: санкцыі будуць нашмат суровей, ды і рушаць услед куды хутчэй. Не мае ніякага значэння, далучацца да санкцый еўрапейскія ўрады ці не, паколькі падрыхтаваны Вашынгтонам пакет мер прадуманы такім чынам, каб прымусіць кампаніі Старога кантыненту да яго адаптавацца, каб не страціць доступ да рынкаў ЗША», – адзначае італьянскае выданне.
На фоне транспартнага калапсу, які ўзнік ў краіне ў выніку небывалага снегападу, найбуйнейшая апазіцыйная партыя краіны СІРЫЗА паставіла ў парламенце пытанне аб даверы да ўраду кансерватараў на чале з Кірыякасам Міцотакісам. Для таго, каб адправіць урад у адстаўку, дастаткова сабраць 151 голас. Аднак у кіруючай партыі «Новая дэмакратыя» у парламенце маецца 158 з 300 дэпутацкіх месцаў.
«Вынясенне на галасаванне пытання аб даверы ўраду – вельмі важны палітычны крок», – адзначае грэчаскае выданне Avgi.
«І не толькі таму, што ён здольны разбурыць цяперашнюю парламенцкую большасць. Ніводны ўрад, які сумны ні быў бы вынік ягонай дзейнасці, не адмовіцца ад улады толькі таму, што пра гэта яго просіць апазыцыя. Пытанне аб вотуме недаверу – важны крок таму, што зараз ураду давядзецца на працягу трох дзён удзельнічаць у дэбатах, і трымаць адказ перад народам. Яму давядзецца прыносіць прабачэнні і прыводзіць свае аргументы – роўна столькі, колькі атрымаецца іх наскрэбці. А грамадзяне будуць на ўсё гэта глядзець – і рабіць свае высновы. Так, урад чакаюць вельмі няпростыя тры дні», – лічыць грэчаскае выданне.
Каталіцкая царква Гішпаніі прызнала, што незаконна валодае 965 аб’ектамі нерухомасці. Захоп пачаўся ў 1946 годзе з прыняццем рэжымам Франка закону, які даваў царкве магчымасць рэгістраваць у якасці ўласнасці практычна любы будынак ці ўчастак. Год таму прэм’ер-міністр Санчэс аб’явіў аб тым, што незаконна атрыманая царквой маёмасць падлягае вяртанню сапраўдным уладальнікам, і накіраваў царкоўнаму кіраўніцтву спіс, у якім пералічаны 35 тысяч спрэчных аб’ектаў.
Гішпанская газета La Vanguardia патрабуе большага:
«Царкоўнае кіраўніцтва павінна прызнаць, што шмат хто з актываў, якія яны незаконна прысвоілі, прынеслі немалы плён. Так, утрыманне гэтых аб’ектаў таксама каштуе грошай, а іх санацыя часцяком уяўляе сабой суцэльны галаўны боль, аднак зусім няцяжка было б падзяліцца гэтымі прыбыткамі з паствай, ці не так? Ствараецца ўражанне, быццам мы ўдзельнічаем у недарэчнай латарэі, у якой толькі крыху свеціць атрымаць назад тое, што ім і так належала па праве», – падкрэслівае гішпанскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка