У Берасцейскай вобласці паболее беларускай мовы



На гэты момант ніводзін сайт райвыканкамаў Берасцейскай вобласці не мае варыянту на беларускай мове. Але чыноўнікі абяцаюць выправіцца.

Баранавіцкі, Бярозаўскі, Ганцавіцкі, Івацэвіцкі, Ляхавіцкі, Пінскі ды астатнія гарадскія і раённыя выканкамы ў раздзелах беларускамоўнай версіі ўсю інфармацыю падаюць па-руску. Адпаведна, немагчыма даслаць зварот як у беларускамоўнай, так і ў рускамоўнай версіі сайту: тэкст з праверачнага малюнка не адлюстроўваецца.

«Адсутнасць беларускай мовы на сайтах дзяржаўных установаў — гэта грубае парушэнне заканадаўства і правоў чалавека, — канстатуе юрыст Ігар Случак. — Таму неабходна абараняць свае правы (і моўныя, і іншыя), бо інакш ніякіх правоў у нас не застанецца. Варта патрабаваць выканання заканадаўства праз звароты і заявы. Людзі сваімі актыўнымі або пасіўнымі паводзінамі вызначаюць будучыню».

Адпаведны прыклад мусіць падаваць кіраўніцтва вертыкалі, аднак змест сайту Берасцейскага аблвыканкама ў фармальна наяўнай беларускамоўнай версіі скрозь па-руску. Зрэшты, не выключаныя станоўчыя змены.
Прынамсі ў адказе на імя Ігара Случака намеснік старшыні абласной адміністрацыі Генадзь Барысюк запэўніў, што «тэхнічнае заданне дзяржаўнай закупкі паслугаў на бягучы год» прадугледжвае беларускамоўныя версіі сайтаў выканаўчых камітэтаў усіх узроўняў.