Выстава „Аўтограф” у музеі Янкі Купалы



3 лютага ў музеі Янкі Купалы пачне працу выставачны праект „Аўтограф”, дзе будзе прадстаўлены залаты фонд музея – рукапісы Янкі Купалы, яго сяброў і паплечнікаў, паведамляе Куфар старажытнасцяў.

На сённяшні дзень у Купалавым доме зберагаецца каля тысячы аўтографаў паэта: чарнавыя і белавыя рукапісы вершаў, лісты сябрам, подпісы на фатаграфіях, жартоўныя эпіграмы – сведчанні яскравага і шматграннага жыцця творцы. Рукапісную спадчыну паэта, расцярушаную ў гады ІІ Сусветнай вайны, давялося збіраць у многіх краінах свету: Расеі, Украіне, Грузіі, Польшчы, Германіі і іншых

Упершыню з прыватных калекцый на выставе будуць прадстаўлены аўтографы Кандрата Крапівы, Петруся Броўкі, Сяргея Грахоўскага, Максіма Танка, Пімена Панчанкі, Івана Мележа, Уладзіміра Караткевіча. Сярод іншага можна будзе пабачыць частку ўратаванага архіва Аркадзя Куляшова, які яшчэ нядаўна лічыўся страчаным.

Выстава дасць магчымасць даведацца, якія свае фотаздымкі паэт любіў больш за ўсё і дзе найчасцей пакідаў аўтограф сябрам, а таксама расчытаць подпісы класікаў.

3 лютага адбудзецца экскурсія ад куратара выставы Паўла Каралёва. Пачатак экскурсіі а 19-й гадзіне, абавязковы папярэдні запіс.