Ryanair патрабуе гарантый бяспекі ад Беларусі, каб аднавіць палёты



Авіякампанія Ryanair чакае ад уладаў Беларусі гарантый, што дыверсія з самалётам не паўторыцца. Гендырэктар кампаніі Майкл О’Ліры сказаў наступнае: “Я думаю, гэта мае фундаментальнае значэнне для будучых авіяперавозак, каб не паўтарылася тое, што, на мой погляд, стала першым выпадкам акту міжнароднага пірацтва, спансіраванага дзяржавай, пасля Чыкагскай канвенцыі 1945 года”, — перадае Reuters словы Майкла О’Ліры. Той дадаў, што пакуль такія гарантыі не будуць атрыманыя, самалёты не павінны лятаць над Беларуссю.

Сёння павінна быць апублікаваная справаздача ICAO па расследаванні прымусовай пасадкі самалёта Ryanair у Менску ў траўні 2021-га. З борта самалёта былі знятыя блогер Раман Пратасевіч і Сафія Сапега. Прымусовая пасадка самалёта прывяла да чарговага пакета санкцый з боку Еўразвязу і закрыцця еўрапейскага неба для беларускіх авіякампаній.