Пра правы чалавека ў СНД
Кіраўнік Міністэрства замежных спраў РФ Сяргей Лаўроў заявіў, што сітуацыю з правамі чалавека на прасторы СНД мусіць ацэньваць Садружнасць. А цяпер паглядзім, якія краіны з’яўляюцца ўдзельнікамі Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Азербайджан, Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Малдова, Расея, Таджыкістан, Туркменістан і Узбекістан. Ну, проста сабраліся тыя, хто можа пахваліцца правамі чалавека ў сваіх краінах. Можна сказаць, дэмакратычныя і багатыя краіны, якія толькі робяць, што клапоцяцца пра сваіх грамадзян.
Увогуле, правы чалавека падаваліся нейкай такой усеагульнай каштоўнасцю. Сутнаць правоў чалавека ў тым, каб забяспечваць абарону годнасці і свабоды кожнага асобнага чалавека. Ці годнасць і свабоды жыхароў СНД чымсьці адрозніваецца ад іншых краін? Не, для Сяргея Лаўрова і падобных да яго будзе выгадна, калі ацэньваць правы чалавека будзе Садружнасць. Таму што Садружнасць большасцю галасоў скажа, што ўсё ў парадку ў краінах з правамі чалавека. Канешне, у парадку. Вунь, у Азербайджане з 1993 года кіруе краінай сям’я Аліевых. Што было нядаўна ў Казахстане, усе памятаюць. Не могуць пахваліцца поспехамі ў галіне правоў чалавека ні Узбекістан, ні Таджыкістан, ні Туркменістан. Наадварот, у Таджыкістане адзначаюць пагаршэнне з правамі чалавека. У Туркменістане, напрыклад, пераследуюць жанчын за кароткія спадніцы, джынсы, макіяж і светлыя валасы. Ва Узбекістане больш за 2000 чалавек, зняволеных паводле рэлігійных ці палітычных матывах. Многія знаходзяцца ў зняволенні больш за 20 год. Пра сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі ўсе ведаюць. У Расеі таксама сітуацыя ў галіне правоў чалавека пагаршаецца з кожным годам. Карацей, якая “садружнасць”, такая і ацэнка правоў чалавека.