Аляксандр Шлык: Не байкатаваць, а сапсаваць рэжыму рэферэндум!
Да рэферэндуму ў Беларусі часу засталося менш за месяц. У бюлетэні будзе толькі адзінае пытанне: „Ці прымаеце вы змены і дапаўненні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь?”. У Варшаве на выходных прадстаўнікі беларускіх палітычных сілаў і дыяспары абмеркавалі пытанне, якім чынам і навошта беларусам прымаць удзел у рэферэндуме рэжыму Беларусі.
Наша карэспандэнтка Вольга Сямашка паразмаўляла з „Госцем Рацыі” – палітолагам, спецыяльным прадстаўніком Святланы Ціханоўскай па пытаннях выбараў Аляксандрам Шлыкам пра тое, ці варта беларусам замежжа ісці галасаваць у пасольствы, ці прыме ўдзел у рэферэндуме Святлана Ціханоўская і каму выгадныя змены Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.
РР: Што вы можаце прапанаваць беларускаму народу ў якасці адказу на рэферэндум?
– Падсумоўваючы магу сказаць, што была добрая магчымасць для нас, з офісу Святланы Ціханоўскай, агучыць пазіцыю наконт рэферэндуму. Яшчэ раз пацвердзіць, што мы заклікаем людзей прыходзіць на выбарчыя ўчасткі і рабіць белютэні несапраўднымі, рапартаваць пра гэта ў сістэме „Голас”. Наша пазіцыя не змяняецца.
РР: Якім чынам будзе наладжаны кантроль за дзейнасцю камісій на тэрыторыі Беларусі?
– Па-першае, я ведаю, дакладна, што ўжо вядзецца праца калегамі з арганізацыі ZUBR. Яны былі вельмі актыўнымі беларускімі назіральнікамі ў жніўні 2020 года. На жаль зараз акрэдытавацца як назіральнікам будзе практычна немагчыма, але яны будуць працягваць сваю працу ў якасці грамадзянскіх кантралёраў за працэсам. Прыкладна тое ж самае, што і дзейнасць у якасці назіральнікаў, толькі без акрэдытацыі. Другое, гэта тое, што каманда сумленных людзей таксама запускае супрацу з тымі чальцамі выбарчых камісій, якія хочуць заставацца сумленнымі. У іх будзе магчымасць рапартаваць пра парушэнні. Будзе ці ўжо нават запушчаны бот, у якім чальцы выбарчых камісій змогуць паведамляць пра парушэнні. Замест таго, каб быць саўдзельнікам гэтага парушэння, яны могуць станавіцца сведкамі.
РР: Як выглядае алгарытм для галасавання для беларуса на сённяшні момант па рэферэндуму? Ісці на ўчастак і ставіць два крыжыкі і галасаваць у „Голасе”?
– Дакладна, дакладна так і ёсць.
РР: Як будзе адбывацца гэты кантроль лічбаў? Пасля выбараў будзе супастаўлення лічбаў рэжыму і лічбаў атрыманых праз боты і платформы?
– Дакладна, так. Яшчэ варта дадаць, што ў сістэме „Голас” трэба рапартаваць не толькі пра тое, што вы прыйшлі і прагаласавалі несапраўдным бюлетэнем, то бок двума крыжыкамі. У выпадку калі вы вырашылі не хадзіць на гэты рэферэндум, а мы не змаглі вас пераканаць, што байкот гэта не настолькі эфектыўная опцыя, людзей, якія хочуць байкатаваць так званы рэферэндум, мы таксама запрашаем агучыць свой пункт гледжання на платформе „Голас”.
З „Госцем Рацыі” палітолагам, спецыяльным прадстаўніком Святланы Ціханоўскай па пытаннях выбараў Аляксандрам Шлыкам камунікавала Вольга Сямашка.
Беларускае Радыё Рацыя