Чаму ўлада пайшла на авантуру з рэферэндумам?



З набліжэннем даты правядзення рэферэндума аб змяненні Канстытуцыі ўсё больш становіцца відавочнай штучнасць самой задумы. Колькі не шчыруюць прапагандысты, пераконваючы грамадства ва ўсеагульным характары абмеркавання прапанаваных правак і татальнай падтрымцы афіцыйнага курсу, у гэта мала хто насамрэч верыць. А пастановачныя фотаздымкі раённых выданняў з працоўнымі і калгаснікамі, якія з задуменнымі тварамі слухаюць прадстаўнікоў ідэалагічнай вертыкалі, сталі ўжо папулярнымі мэмамі. Такім чынам, рэферэндум аб змяненні Канстытуцыі застаецца для большасці беларусаў, без усялякага сумневу, малазразумелай, несвоечасовай і сумнеўнай актыўнасцю.

Упершыню размовы пра правядзенне рэферэндуму прагучалі ў ліпені 2020 года з вуснаў палітыкаў “новай хвалі”, якія заявілі пра неабходнасць вяртання да Канстытуцыі ўзору 1994 году. Па храналогіі гэтае абвяшчэнне супала з арыштам самага папулярнага на той момант прэтэндэнта на прэзідэнцкую пасаду, мецэната і экс-банкіра Віктара Бабарыкі. Пазней улада, ачомаўшыся ад рэкордных масавых акцый пратэсту, якія выбухнулі пасля так званых выбараў, дэкларавала гатовасць правядзення рэферэндума, на якім нібыта маглі быць разгледжаныя пытанні перагляду паўнамоцтваў прэзідэнта. Пазней гэтую тэму падхапіў Крэмль, які, хоць зрабіў стаўку на падтрымку Аляксандра Лукашэнкі ў крытычны момант пасля выбараў, аднак пачаў падазрона ціснуць на афіцыйны Менск адносна неабходнасці правядзення канстытуцыйнага рэферэндума. Такім чынам, першапачаткова жаданне правесці рэферэндум – гэта адказ на ініцыятыву штаба Віктара Бабарыкі. Улада кіруецца вельмі простым матывам: не даваць апанентам нават падставы дыктаваць умовы і праяўляць пяршынства. Аднак такая логіка, спрацаваўшы ў пытанні задушэння вулічных пратэстаў, згуляла з уладай злы жарт у далейшым.

Пайшоўшы на авантуру з рэферэндумам, кіраўніцтва краіны правакуе новы віток палітызацыі грамадства. Інакш кажучы, улада сама стварыла сабе пастку, калі любы вынік так званага плебісцыту вядзе да пагаршэння палажэння дзеячаў кіруючага рэжыму. Замест дэманстрацыі падтрымкі (няважны тут узровень электаральнай актыўнасці і працэнты), любы вынік выбараў выклікае фрустрацыю ў насельніцтва, якое і без таго раззлаванае праз пагаршэнне эканамічнага самаадчування, неабгрунтаваныя рэпрэсіі ў дачыненні да апанентаў улады і ўвогуле, як паказваюць сацыялагічныя раскладкі, настойліва патрабуе рэформаў.

Такім чынам, на дадзены момант рэферэндум — гэта штучная і ў роўнай ступені стрэсавая сітуацыя як для грамадства, так і для вертыкалі ўлады. Правядзенне галасавання ў перыяд, калі не вырашыліся палітычныя супярэчанні і пры наяўнасці рэкорднай колькасці палітзняволеных, – задума, сама меней, разбуральная для дзяржавы. Аднак, нягледзячы на несвоечасовасць рэферэндума, улада ўсё адно імкнецца яго правесці. Гэта, хутчэй за ўсё абумоўлена, двума фактарамі. Па-першае, кіраўніку дзяржавы неабходна прадэманстраваць свайму атачэнню і сілавому блоку, што сітуацыя знаходзіцца пад кантролем і лейцы кіравання – у моцных руках. Адпаведна, перанос ці скасаванне рэферэндума будзе ўспрымацца як праява слабасці, што ва ўмовах персаналісцкай аўтакратыі можа прывесці да распаду сістэмы. Па-другое, улада можа выкарыстоўваць сам факт рэферэндуму для дэмаралізацыі прыхільнікаў пераменаў, якія маюць мала інструментаў для ўплыву на сітуацыю. 

Беларускае Радыё РАЦЫЯ