Новая амбасадарка Швейцарыі прыбудзе ў Менск у лютым



Швейцарыя мае намер накіраваць у Менск новую амбасадарку ў гэтым месяцы. Яна ўручыць даверчыя граматы і прыступіць да дыпламатычнай працы. Пра гэта паведамляе Deutsche Welle, адзначаючы, што Швейцарыя не лічыць гэты крок прызнаннем легітымнасці Аляксандра Лукашэнкі.

Пасля прэзідэнцкіх выбараў у жніўні 2020 году многія краіны адмовіліся накіроўваць у Беларусь сваіх амбасадараў і ўручаць Лукашэнку даверчыя граматы, тым самым не прызнаючы яго легітымнасць. У МЗС Швейцарыі заявілі, што Швейцарыя не выказваецца наконт легітымнасці кіраўнікоў дзяржаў — яна прызнае выключна дзяржавы. «Таму ўручэнне даверчых грамат з пазіцыі Швейцарыі не з’яўляецца актам прызнання», — так у знешнепалітычным ведамстве краіны пракаментавалі Deutsche Welle рашэнне аб накіраваньні ў Беларусь сваёй амбасадаркі.

Новая амбасадарка, Крыстынэ Гонэгер Залатухін, наведае грамадзянку Швейцарыі Наталлю Хершэ ў турме, дадалі ў ведамстве. Папярэдні амбасадар Швайцарыі ў Беларусі пайшоў у адстаўку восенню 2021 году. Яго пераемніца была прызначаная ў лістападзе летась, але пакуль не прыступіла да дыпламатычнай працы ў Менску. Раней Швейцарыя далучалася да санкцый, абвешчаных Еўразвязам супраць Лукашэнкі.

Фота: aboutswiss.ch