ЗША перакідваюць ва Усходнюю Еўропу 2 тысячы вайскоўцаў



У краіны Цэнтральнай і Паўднёва-ўсходняй Еўропы ў найбліжэйшым часе будуць накіраваныя 2000 амерыканскіх вайскоўцаў — для ўмацавання бяспекі краінаў NATO ў сувязі з пагрозай расейскага збройнага ўварвання ва Украіну. Пра гэта паведамілі ў адміністрацыі Джо Байдэна.

Раней  гэтую інфармацыю пашырыў тэлеканал CNN. Паведамляецца, што 2 тысячы вайскоўцаў ЗША будуць перакінутыя з базы Форт Брэг у штаце Паўночная Караліна ў Польшчу і Нямеччыну, а яшчэ тысяча, што дыслакуюцца цяпер у Нямеччыне, — у Румынію. Дадатковыя войскі ЗША не будуць браць ніякага ўдзелу ў патэнцыйна магчымых баявых дзеяннях ва Украіне. Пра гэта заявіў на брыфінгу для журналістаў прэс-сакратар Пентагону Джон Кэрбі.

«Гэтыя сілы не маюць намеру ваяваць ва Украіне. Яны будуць забяспечваць надзейную абарону саюзнікаў з NATO», – падкрэсліў ён.

ЗША і іх саюзнікі неаднаразова заяўлялі, што любыя агрэсіўныя дзеянні Расеі ў адносінах да Украіны прывядуць да росту колькасці вайскоўцаў NATO, размешчаных на так званым усходнім флангу Паўночнаатлянтычнага саюзу. Адпраўка войскаў у саму Украіну не плануецца.

Фота: U.S. Army via AP