Агляд прэсы: важнасць суседа



Нарошчванне расейскіх войскаў у Беларусі, на поўначы Украіны, узмацняе заклапочанасць НАТА. Апублікаваны дэталі прапановы ЗША Пуціну. Еўракамісія прызнала газ і атам зялёнымі відамі энергіі. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.

«Расея працягвае нарошчваць вайсковыя сілы вакол Украіны, бо ў суседняй Беларусі размешчана больш войскаў і ваеннай тэхнікі, чым калі-небудзь за апошнія 30 гадоў. У Маскве і Кіеве чакаецца большая дыпламатычная актыўнасць на высокім узроўні на фоне глыбокай нявызначанасці адносна таго, ці плануе Расея ўварванне. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі прымае прэзідэнта Турцыі Эрдагана на перамовах у Кіеве, а прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін сустрэнецца са сваім аргентынскім калегам Альберта Фернандэсам у Маскве», – паведамляе амерыканская газета  Los Angeles Times.

«У апошнія дні мы назіраем значнае перамяшчэнне расейскіх вайскоўцаў у Беларусь. Гэта найбуйнейшае расейскае разгортванне там з часоў халоднай вайны. Колькасць  расейскіх вайскоўцаў у Беларусі, верагодна, вырасце да 30 тысяч пры падтрымцы спецназу, высакакласных знішчальнікаў, балістычных ракет малой далёкасці «Іскандэр» і сістэм супрацьракетнай абароны С-400 на фоне вучэнняў ядзерных сіл Расеі. Мы адданыя пошуку палітычнага вырашэння крызісу, але мы павінны быць гатовыя да горшага. Асаблівасць гэтых дзён – Эрдаган, краіна якога з’яўляецца вядомым саюзнікам па NATА ў Чарнаморскім рэгіёне, які пазіцыянуе сябе ў якасці магчымага пасярэдніка. Выступаючы перад адлётам у Кіеў, ён паўтарыў падтрымку Турцыяй тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны і заявіў, што Анкара гатовая зрабіць усё магчымае, каб знізіць напружанасць», – адзначае амерыканскае выданне.

Гішпанская газета El País апублікавала падрабязны адказ НАТА і ЗША Расеі ў рамках бягучых перамоваў па крызісе вакол Украіны. Да гэтай публікацыі былі вядомыя толькі агульныя пункты прапановы, зробленай у сераду на мінулым тыдні. Асаблівую занепакоенасць аглядальнікаў выклікаюць прапановы па дэмілітарызацыі, якія змяшчаюцца ў дакуменце. У цэлым прэса скептычна ацэньвае шансы на прагрэс у перамовах. На думку ўкраінскага выдання „Страна”, гэтыя прапановы вельмі выбухованебяспечныя.

«ЗША гатовыя на рэальныя крокі па дэмілітарызацыі Усходняй Еўропы і неразмяшчэння там ядзернай зброі, у тым ліку крылатыя ракеты Тамагаўк, што заўсёды было прадметам сур’ёзнай занепакоенасці Расеі. А галоўнае – асобна такія абавязацельствы яны могуць даць па Украіне. Прычым ва Украіне амерыканцы згодны таксама абмежаваць размяшчэнне любых баявых адзінак – гэта значыць і наземных войскаў. Гэта вельмі сур’ёзныя прапановы, якія могуць абярнуцца для Кіева «здрадай». Бо па сутнасці яны перакрэсліваюць сэнс ад уступлення ў НАТА, калі Альянс не зможа размяшчаць ва Украіне ніякіх сіл», – адзначае ўкраінскае выданне.

Еўракамісія прадставіла новую таксанамію па ўстойлівых інвестыцыях. Як і чакалася, з 2023 года экалагічна чыстымі крыніцамі энергіі – з пэўнымі абмежаваннямі – прапануецца лічыць таксама газ і атам. Аўстрыя і Люксембург ужо заявілі, што маюць намер апратэставаць гэтае рашэнне, супраць яго выказваецца і шэраг іншых дзяржаў ЕЗ. Калі большасць дэпутатаў Еўрапарламента прагаласуе супраць новай таксанаміі, або сама меней 20 краін супольнасці скарыстаюцца сваім правам вета, то тады рашэнне давядзецца адмяніць.

«Уключэнне атама і газу ў спіс экалагічна чыстых крыніц энергіі пасылае абсалютна няправільны сігнал», – крытыкуе нямецкая газета Deutschlandfunk.

«Інвестыцыі ў экалагічна ўстойлівую будучыню ставяцца сёння на адну дошку з інвестыцыямі ў састарэлыя тэхналогіі. У найбліжэйшыя гады Еўропе спатрэбяцца мільярдныя інвестыцыі ў будаўніцтва ветрагенератараў і сонечных батарэй, ліній электраперадач і акумулятарных установак. Менавіта ў гэтыя сферы павінны накіроўвацца грошы, а прамежкавых тэхналогій у нас і без таго дастаткова. Прыцягненню інвестыцый у гэту сферу садзейнічала б таксанамія, якая дакладна вызначала б неабходнасць інвестыцый, а таксама адрознівала б паміж экалагічна ўстойлівымі і няўстойлівымі праектамі. Прыняўшы вельмі прадказальнае рашэнне, Еўракамісія ўпусціла важны шанец», – падкрэслівае нямецкае выданне.

Нягледзячы на тое, што ў сувязі з распаўсюджваннем штаму амікрон тыднёвы каэфіцыент заражанасці перавысіў у Даніі адзнаку ў 5000 чалавек, з 1 лютага гэтага года ўрад краіны адмяніў усе супрацьэпідэмічныя абмежаванні. Аналагічную палітыку пераследуе і Англія. У гэтых краінах Covid-19 больш не будзе разглядацца як пагроза грамадству. «Крытычную фазу мы пераадолелі», – заявіла прэм’ер-міністр Фрэдэрыксан.

У апошні час на жыхарства ў Данію перабіраецца нямала немцаў. Многія з іх – так званыя каронаскептыкі. Дацкая газета Der Nordschleswiger не хавае свайго здзіўлення.

«У Даніі няма «адчужэння ў адносінах да інстытутаў палітычнай сістэмы», а значыць, няма і шырока распаўсюджанага руху каронаскептыкаў. Менавіта таму Данія знайшла выйсце з цяперашняга крызісу і (як хочацца спадзявацца) ужо выйшла з яго – куды лягчэй і плаўней, чым гэта робіць Нямеччына. Каронаскептыкі, якія пераязджаюць сюды, выпускаюць гэта з-пад увагі, таму што спадзяюцца на магчымасць самарэалізацыі і самавызначэння без умяшання дзяржавы. Яны выпускаюць з-пад увагі наступны факт: нягледзячы на паслабленне супрацьэпідэмічных абмежаванняў і жорсткую палітыку аховы межаў, Данія не з’яўляецца гульнявой пляцоўкай для альтэрнатыўных і па-антрапасофску настроеных немцаў-лібертарыянцаў, якія імкнуцца рваць сувязі з грамадствам», – адзначае дацкае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка