Барыс Гарэцкі: Гэта быў самы цяжкі год для беларускіх медыя за ўсё гісторыю незалежнасці



Летась Беларусь прызналі самай небяспечнай краінай у Еўропе для работнікаў СМІ. Вынікае са справаздачы, якую зрабіла Беларуская асацыяцыя журналістаў. У мінулым годзе БАЖ зафіксаваў 113 затрыманняў журналістаў, 29 разоў журналістаў асуджалі да адміністрацыйных арыштаў. За год прайшло 146 вобшукаў у дамах журналістаў і рэдакцыях незалежных СМІ, сярод іх у ліпені — 75. Падставай сілавікі часцей за ўсё называлі расследаванне крымінальных спраў. У лютым і ліпені ў офісе БАЖ у Менску і кватэрах яе супрацоўнікаў прайшлі вобшукі, забралі дакументы і абсталяванне. У жніўні Вярхоўны суд па позве Міністэрства юстыцыі ліквідаваў «Беларускую асацыяцыю журналістаў». Рэпрэсіі скіраваныя на знішчэнне незалежнага медыя-сектара. Між іншым пра гэта кажа наш госць  – намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі.  

 – Я думаю, што ўсе слухачы Радыё Рацыя і чытачы сайта цудоўна бачылі падзеі 2021 года. Гэта быў самы цяжкі год для беларускіх медыя за ўсё гісторыю незалежнасці. Калі мы пачыналі з 5-7 журналістамі за кратамі, то скончыўся год 32-ма калегамі, якія знаходзяцца ў няволі.

Калі ў 2020 годзе на хвалі пратэстаў і наступных там нейкіх рэпрэсій асноўны від пераследу былі бясконцыя адміністрацыйныя арышты і затрыманні журналістаў, то 2021 год прынёс вельмі моцныя такія рэпрэсіі, крымінальныя справы і разгромы рэдакцый, калі яшчэ на пачатку года, вось ужо хутка год, 16 лютага, калі пракацілася хваля ператрусаў па нашых кватэрах і офісах „Беларускай асацыяцыі журналістаў”. І вось калі яшчэ ўзімку мы глядзелі на сітуацыю даволі пазітыўна, думалі – ну, вось ператрус, але мы на волі, а значыць можна ісці далей – , то летам улада паставіла відавочную задачу зачысціць медыйнае поле. І ўсе ператрусы сканчаліся масавымі затрыманнямі калег. Была разгромленая “Наша ніва” – двое калег цяпер за кратамі, чакаюць суда. Былі разгромленыя офіс і кватэры “Радыё Свабода”, некалькі чалавек цяпер за кратамі чакаюць суда. Была разгромленая рэдакцыя TUT.BY, увогуле была беспрэцэдэнтная акцыя, таму што самы папулярны партал. 18 траўня ўвогуле было цяжка ўявіць, што Беларусь можа быць без TUT.BY, але сітуацыя паказала, што яны гэта змаглі зрабіць. Таму ўлады спляжылі інфармацыйнае поле на нейкі час.

Але з другога боку канец года паказаў, што медыйшчыкі сумелі згрупавацца, прычым ужо цягам восені большасць зруйнаваных медыя падчас летняй кампаніі перазапусціліся і пачалі вяртаць свае былыя пазіцыі, нягледзячы на блакіроўкі. Цяпер у нас вельмі шмат калег за кратамі, але асноўныя рэдакцыі выехалі, перазапусціліся, робяць якасны інфармацыйны прадукт. І гэта нават сама дзяржава прызнае, што зноў для дзяржавы гэта сур’ёзная праблема – незалежныя медыя. Многіх з іх яны прызналі „экстрэмісцкімі фармаваннямі”, але нават гэта не змяншае істотную колькасць падпісчыкаў. То бок людзі працягваюць чытаць, дзяліцца інфармацыяй, дасылаць у рэдакцыі інфармацыйныя паведамленні. Мінулы год быў складаны, але рэдакцыі знайшлі сілы перафарматавацца і вярнуцца да сваіх чытачоў у новым фармаце.  

РР: Акурат ты закрануў гэтыя „экстрэмісцкія фармаванні”. Мы мусім памятаць, што ў Беларусі не да законаў. Спачатку называлі экстрэмісцкай прадукцыяй, пасля выкруцілі штучна нейкім чынам гэтыя „экстрэмісцкія фармаванні”. І, каб падвесці пад Крымінальны кодэкс, незалежныя СМІ прызнаюць „экстрэмісцкімі фармаваннямі”. Якія тут могуць быць рэакцыі на гэты конт?

Барыс Гарэцкі: Відавочна, што ўсё робіцца для таго, каб людзі не былі падпісаныя на медыя ў Тэлеграме, ці іншых сацыяльных сетках, не дзяліліся спасылкамі, прынамсі ў публічнай прасторы.

Відавочна, што людзі сталі больш акуратнымі. З другога боку, пакуль ты чалавека не затрымаў, ты не бачыш, ці дзеліцца ён з сябрамі спасылкамі ці не. Гэта як на акупаванай тэрыторыі дзеянні партызанскіх атрадаў.

На жаль, у такую рэальнасць загналі людзей, калі ты думаеш, як падзяліцца матэрыяламі, ці там расказваеш чалавеку, ці проста кажаш: зайдзі туды і паглядзі сам.

Усё гэта было накіравана на змяншэнне ўплыву, на тое, каб людзі баяліся чытаць. Людзі не баяцца чытаць, яны баяцца быць падпісанымі, баяцца дасылаць гэтыя спасылкі. Але такога масавага наплыву, каб людзей пачалі судзіць за ўдзел у “экстрэмісцкім фармаванні”, пакуль няма.  Зрэшты гэта будзе неадпаведная зусім рэакцыя, калі кагосьці затрымаюць і прыцягнуць за тое, што ён падзяліўся спасылкай на “Белсат”, “Нашу Ніву” ці “Радыё Свабода”.  

РР: Нядаўна ж хлопца пасадзілі на 14 сутак менавіта за спасылку, за перасылку з „Радыё Свабода”. Але гэта 14 сутак  – абсурдна, але рэчаіснасць такая.

Барыс Гарэцкі: Зрэшты могуць і гэтаму чалавеку прыцягнуць „экстрэмісцкае фармаванне”. Але да чаго ўлада прыйдзе: усё адно, хто баяўся быў падпісаны, яны ўжо адпісаліся і чытаюць кожны дзень, заходзячы асобна. Наўрад ці такія працэсы за “экстрэмісцкія фармаванні” пацягнуць яшчэ нейкую хвалю адпісак. Толькі такім чынам улада набярэ 10, 20, не ведаю, 100 новых палітычных вязняў. Агульную карціну, хутчэй за ўсё, не зменіць, але ўладзе прыйдзецца вось гэтых людзей трымаць у СІЗА, судзіць.

Калі ўлада паставіць задачу павялічыць колькасць палітвязняў да 2000-3000, яна можа гэта зрабіць у любы дзень. Мне падаецца, што цяпер няма патрэбы нават у самой улады павялічваць колькасць палітвязняў, бо ўлады цяпер караюць людзей, якія недзе былі актывістамі і нешта дзесьці рабілі. Проста кідаць за краты людзей за спасылкі нелагічна, бо такіх людзей можна набраць пры жаданні і 10 000. І што ў нас уся краіна будзе ў следчых ізалятарах і папраўчых калоніях? Не думаю, што беларуская мадэль вытрымае і хоча гэтага.  

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:  

Беларускае Радыё Рацыя