З 2023 года ў школах толькі два абавязковыя экзамены



З 2023 года выпускнікі 11-х класаў у Беларусі будуць здаваць усяго два абавязковыя экзамены, паведаміла начальнік упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі Ірына Каржова. Цяпер школьнікі пасля 11 класа здаюць чатыры экзамены: рускую або беларускую мову, матэматыку, гісторыю Беларусі і замежную мову. З наступнага навучальнага года гісторыю і замежную мову выпускнікам здаваць ужо не давядзецца.

Змяненні звязаны з тым, што прыняты нядаўна новы Кодэкс аб адукацыі ўсталяваў новую форму экзаменаў пасля заканчэння школы — цэнтралізаваны экзамен. Ён заменіць выпускныя экзамены і цэнтралізаванае тэсціраванне па адпаведных прадметах; а па сертыфікатах можна будзе паступаць у ВНУ.