Барыс Гарэцкі: 2021 год прынёс крымінальныя справы і разгром рэдакцый
Летась Беларусь прызналі самай небяспечнай краінай у Эўропе для работнікаў СМІ. Вынікае са справаздачы, якую зрабіла Беларуская асацыяцыя журналістаў. Ціск на незалежную прэсу Беларусі і грамадзянскую супольнасць ўзмацніўся. Рэпрэсіі ў дачыненні да недзяржаўных журналістаў і СМІ былі накіраваныя на знішчэнне незалежнага медыя-сектара. Кажа намеснік старшыні журналісцкай асацыяцыі Барыс Гарэцкі. Ён называе 2021-ы год – самым цяжкім, нават за ўсю гісторыю незалежнасці.
– Калі мы пачынаем год з сямі журналістамі за кратамі, то скончыўся год 32 калегамі, якія знаходзяцца ў няволі. Калі ў 2020 годзе на хвалі гарачых пратэстаў і наступных рэпрэсій асноўным відам рэпрэсій былі бясконцыя адміністрацыйныя арышты і затрыманні журналістаў, то 2021 год прынёс такія рэпрэсіі, як крымінальныя справы і разгром рэдакцый.
Летась БАЖ зафіксаваў 113 затрыманняў журналістаў, 29 разоў журналістаў асуджалі да адміністрацыйных арыштаў. За год прайшло 146 вобшукаў у дамах журналістаў і рэдакцыях незалежных СМІ, сярод іх у ліпені — 75. Падставай сілавікі часцей за ўсё называлі расследаванне крымінальных спраў.
Беларускае Радыё Рацыя