Беларускія санкцыі зменшаць паток цягнікоў з Літвы толькі на 10% у месяц
Колькасць саставаў, якія ідуць з Літвы транзітам праз Беларусь, пасля ўвядзення беларускіх санкцый скароціцца на 45 цягнікоў у месяц да 480-540. Пра гэта паведамляе агенцтва BNS са спасылкай на літоўскую чыгунку.
З сённяшняга дня Менск не прапускае праз тэрыторыю Беларусі цягнікі з Літвы, якія перавозяць угнаенні і нафтапрадукты. У Літоўскіх чыгунках адзначылі, што гэтае абмежаванне зменшыць паток цягнікоў у Беларусь крыху больш чым на 10%. Там таксама не выключылі, што гэтыя саставы будуць перанакіраваныя праз Польшчу ці Латвію.
У пачатку лютага стала вядома, што ўлады Беларусі ўводзяць забарону на транзіт па чыгунцы некаторых тавараў з Літвы. Гэтае рашэнне было прынятае ў адказ на спыненне Літвой з 1 лютага транзіту беларускіх калійных угнаенняў. Іх везлі ў порт Клайпеды.