Беларуская кавярня ў самым цэнтры Батумі
Беларуская кавярня, дзе можна паспрабаваць розныя гатункі кавы, адкрылася ў цэнтры Батумі, сталіцы грузінскай Аджарыі.
Кавярню адкрыла на вуліцы Цара Парнаваза кампанія маладых людзей з Менску і Смаргоні, якія крыху больш за паўгода жывуць у Грузіі. Адзін з уладальнікаў, Мікіта, распавядае пра тое, як стваралася гэтая кавярня.
– Была мара адкрыць сваю кавярню.
РР: У Беларусі будзе нейкі такі падобны праект?
– Не, у Беларусі не было. І неяк жадання не было рабіць. Нават не спрабавалі ў Беларусі. Была мэта з’ехаць. Сітуацыя прымусіла нас хутка з’ехаць і мы хутка з’ехалі. Таму так атрымалася.
Другі ўладальнік кавярні, Уладзімір, кажа, што адкрыццё беларускага бізнеса ў Батумі мае таксама свае цяжкасці.
– Я думаю, па складанасці гэта недзе 50 на 50, калі гэта параўноўваць з Беларуссю і з Грузіяй. Ёсць і там і там свае складанасці. Тут таксама складанасцяў шмат.
РР: Якія менавіта складанасці? Я ведаю, тут вельмі малы падаткавы адсотак. А што цяжкага?
– Цяжэй было з рамонтамі, са спецыялістамі, з людзьмі, якія ўмеюць рабіць сваю работу добра, хутка і адказна.
У дзень адкрыцця кавярню наведалі толькі прадстаўнікі расейскай, украінскай і беларускай дыяспараў, аднак уладальнікі кавярні спадзяюцца, што яна стане месцам прыцягнення розных супольнасцяў у Батумі.
Сяргей Апановіч, Беларускае Радыё Рацыя