Лазоўскі, Смольскі, Верабей і Лабастаў выступяць у алімпійскай індывідуальнай гонцы біятланістаў
Чатыры беларускія біятланісты прымуць удзел у алімпійскай індывідуальнай гонцы на 20 км. Першым з іх на трасу ў Чжанцзякоў сыдзе Дзмітрый Лазоўскі, у якога 14-ы стартавы нумар. Лідар беларускай каманды Антон Смольскі атрымаў 28-ы нумар, у Максіма Вераб’я 51-я стартавая пазіцыя, Мікіта Лабастаў адправіцца на дыстанцыю 73-м. Усяго ў стартавы пратакол унесены прозвішчы 92-х страляючых лыжнікаў. Мужчынская індывідуальная гонка на 20 км з чатырма агнявымі рубяжамі пачнецца ў 11.30 па беларускім часе.
Беларускія фрыстайлісты прыбылі на Алімпійскія гульні
Зборная Беларусі па фрыстайле прыбыла ў алімпійскую вёску Чжанцзякоў, дзе пройдуць алімпійскія спаборніцтвы па лыжнай акрабатыцы. Каманда прыбыла ў Кітай рэйсам са Стамбула. У яе складзе і алімпійская чэмпіёнка Пхенчхана-2018 Ганна Гуськова. Разам з ёй на пекінскіх Гульнях выступяць Ганна Дзяруга, Станіслаў Гладчанка, Максім Гусцік, Павел Дзік, Макар Мітрафанаў. Барацьбу за ўзнагароды фрыстайлісты пачнуць 10 лютага з камандных спаборніцтваў у міксце. Жаночы турнір запланаваны на 13-14 лютага, мужчыны будуць спаборнічаць 15 і 16 лютага. На шасці папярэдніх Алімпіядах беларускія лыжныя акрабаты заваявалі 7 узнагарод – 4 золата, 1 срэбра і 2 бронзы.
Сёння ж на Алімпійскіх гульнях разыграюць дзесяць камплектаў медалёў
Беларускія атлеты плануюць выступіць у трох відах праграмы. Акрамя біятлона таксама ў спаборніцтвах па фігурным катанні заяўлены Канстанцін Мілюкоў, паказаўшы свой найлепшы асабісты вынік у сезоне. Вядома, што ён адабраўся ў адвольную праграму Спрынт свабодным стылем у лыжных гонках прабяжыць Ягор Шпунтаў. Беларусь на Алімпіядзе пакуль не заваявала ніводнага медаля.
Усяго на 24 зімовых Алімпійскіх гульнях, якія пройдуць з 4 па 20 лютага, будзе разыграна 109 камплектаў узнагарод.
Юрый Цяцерэнка знаходзіцца на праглядзе ў „Белшыне”
Украінскі паўабаронца Юры Цяцерэнка, які вядомы па выступе за „Слуцк”, па звестках „Прэсбола”, знаходзіцца на праглядзе ў бабруйскай „Белшыне”. У 2019—2020 гадах ён правёў паўтара сезона ў чэмпіянаце Беларусі. Улетку 2020 года вярнуўся ў родную „Валынь”.
Італія будзе прэтэндаваць на Еўра-2032
Федэрацыя футбола Італіі афіцыйна заявіла аб намеры правесці чэмпіянат Еўропы 2032 года. Указана, што італьянскі бок для правядзення турніру мае намер мадэрнізаваць існуючыя стадыёны або пабудаваць новыя. Апошні тэрмін падачы заяўкі на правядзенне турніру заканчваецца 23 сакавіка. Італія прыняла частку матчаў Еўра-2020. Яны праходзілі ў Рыме на „Стадыё Алімпіка”. Краіна таксама прымала фінальную частку чэмпіянату Еўропы ў 1968 і 1980 гадах. Чэмпіянат Еўропы 2024 года пройдзе ў Германіі.
Беларускае Радыё Рацыя