Беларусы Украіны зладзілі zoom-сустрэчу са штабам Святланы Ціханоўскай



Такі званок стаў ужо другім. Да размовы традыцыйна падключыліся прадстаўнікі штабу на чале са Святланай Ціханоўскай, а таксама беларускай дыяспары: грамадскія дзеячы, актывісты, валанцёры і журналісты

Падчас гутаркі бакі абмеркавалі навіны ў расследаванні гібелі Віталя Шышова; лёсы беларусаў, якія ваявалі за АТА; а таксама крокі, зробленыя пасля першай анлайн-сустрэчы.

У тым, што беларусам Украіны і штабу атрымалася наладзіць канструктыўны дыялог, перакананая ўдзельніца zoom-сустрэчы, блогер Таццяна Мартынава:

-Зараз створана працоўная група па перапісу беларусаў ва Украіне для таго, каб мы разумелі колькі нас тут, па якіх прычынах мы вымушаныя былі з’ехаць. Для таго, каб прадметна размаўляць з украінскай уладай, трэба разумець маштаб трагедыі. У кожнага з нас, у тым ліку Святланы Георгіеўны і штаба, ёсць рамкі, на якіх іхны ўплыў заканчваецца. І патрабаваць выхаду за гэтыя рамкі абсалютна бессэнсоўна. І я думаю, што мы разам значна больш прадуктыўныя, чым паасобку. А Святлана Георгіеўна і штаб – нам у дапамогу.

Між тым, падчас сустрэчы ўдзельнікі закранулі і перспектыву магчымай вайны ва Украіне. Нягледзячы на тое, што гэтае пытанне знаходзіцца па-за межамі кампетэнцыі штаба, яго прадстаўнікі ўсё ж паспрабуюць дапамагчы ў вырашэнні сітуацыі і магчымай эвакуацыі беларусаў.

Марына Савіцкая, Беларускае Радыё Рацыя