Пра філосафа ў турме
Больш за паўгода знаходзіцца ў СІЗА№1 беларускі філосаф, метадолаг і грамадскі дзеяч Уладзімір Мацкевіч. Яго арыштавалі 4 жніўня 2021 году, напярэдадні гадавіны так званых прэзідэнцкіх выбараў 2020 году, абвінаваціўшы ў арганізацыі масавых закалотаў. Пазней ягоныя тэксты адправілі на праверку на экстрэмізм і распальванне варожасці. Увесь гэты час немалады ўжо філосаф знаходзіцца за кратамі. У дачыненні да яго не вядзецца следчых дзеянняў, таксама не вядома нічога пра дату суда. Гэтая акалічнасць, зрэшты, і прымусіла вядомага беларуса пайсці на самую небяспечную для вязня акцыю пратэста – галадоўку. Палітзняволены патрабуе змянення меры стрымання, завяршэння следства па справе і прызначэння даты суда. У адваротным выпадку Уладзімір Мацкевіч гатовы пайсці яшчэ далей. Калі да 14 лютага ягоныя патрабаванні будуць праігнараваныя, ён абвесціць сухую галадоўку, што ва ўмовах турмы нясе вялікую небяспеку для жыцця вязня. У сур’ёзнасці намераў Уладзіміра Мацкевіча сумнявацца не выпадае. У ягонай біяграфіі ёсць факты эфектыўных публічных галадаванняў, якія прывялі да патрэбнага выніку. У 2006 годзе Уладзімір Мацкевіч разам з групай пратэстанцкіх вернікаў баранілі будынак царквы і тэрыторыю вакол малітоўнага дому, якія спрабавалі адабраць сталічныя ўлады. Тады галадаванне 180-ці вернікаў разам з іншымі акцыямі пратэсту прынеслі плён — на нейкі час менскія гарадскія ўлады далі спакой пратэстанцкай грамадзе.
Уладзімір Мацкевіч — вельмі значная постаць для беларускай грамадзянскай супольнасці. Выхадзец з сем’яў рэпрэсаваных беларускіх сялянаў, якіх адправілі ў ссылку ў Сібір, ён вярнуўся ў Беларусь у пачатку 1990-х гадоў, каб далучыцца да працэсу рэфармавання сістэмы адукацыі. У 1990-х гадоў ён быў сярод сузаснавальнікаў некалькіх дэмакратычных партый. Пазней засяродзіўся на развіцці сеткі адукацыйных арганізацый. У апошнія гады неаднаразова як публічны інтэлектуал уздымаў пытанне небяспекі паглыблення інтэграцыі з Расеяй. У 2019 годзе быў адным з ініцыятараў грамадзянскай кампаніі “Свежы вецер”, якая намагалася пашыраць сярод беларускага насельніцтва інфармацыю пра тое, якія рызыкі нясе так званая Саюзная дзяржава Беларусі. Відавочна, усе гэтыя ягоныя высілкі, а таксама актыўнасць у медыяполі, не падабаліся ўладам. Нягледзячы на вялікую пагрозу быць арыштаваным, філосаф застаўся ў Беларусі. Ягоныя калегі, блізкія і сябры заўважаюць, што рашэнне заставацца ў Беларусі для Уладзіміра Мацкевіча было прынцыповым. Адпаведна, зняволенне філосафа — вельмі сімвалічны момант, які паказвае сутнасць сістэмы ўлады ў Беларусі. “Цяпер у турме, як бы гэта ні гучала, але падаецца, што гэта вельмі арганічнае месца, бо сёння нашае мысленне, інтэлектуальная, палітычная воля гэтак жа зняволеныя, як і ён, але і гэтак жа не скарылася”, – гаворыць пра Уладзіміра Мацкевіча ягоная паплечніца Таццяна Вадалажская. Сёння вольныя беларусы мала што могуць для вызвалення Уладзіміра Мацкевіча і тысячаў іншых зняволеных, але пачаць з чагосьці варта. Хаця б падпісаўшы адпаведную петыцыю ў абарону “філосафа ў турме” на сайце Change.org.