Беларусь павялічыла адгрузку бензінаў Украіне на 29 працэнтаў



Украіна павялічыла ўвоз аўтамабільных бензінаў у студзені 2022 года ў параўнанні з аналагічным перыядам 2021-га на 28%, да 116, 3 тыс. тон. Асноўны аб’ём паставак прыпаў на беларускія бензіны, увоз якіх падскочыў на 29%, да 102 тыс. тон. Такім чынам доля беларускага рэсурсу ў агульным аб’ёме імпарту дасягнула 88 працэнтаў, паведамляе officelife.media.

Закупкі бензінаў у беларускіх НПЗ павялічылі практычна ўсе імпарцёры: АККО, WOG, UPG, AMIC. Лепшы вынік паказаў АККО, які нарасціў пастаўкі з Беларусі на 46%, да 38,5 тыс. тон. Брэнд WOG павялічыў закупкі на 47%, да 20 тыс. тон.

Для параўнання: PNK Orlen адгрузіў ва Украіну толькі 14, 5 тыс. тон (плюс 23%).

Паводле ацэнкі дырэктара Кансалтынгавай групы „А-95” Сяргея Куюна, забарона на транзіт праз Беларусь нафтапрадуктаў з Літвы не паўплывае істотна на рыначную сітуацыю, але стратэгічна ўзмоцніць залежнасць ад імпарту нафтапрадуктаў з Расеі і Беларусі.

Раней паведамлялася, што аб’ём рынку аўтамабільных бензінаў ва Украіне па выніках 2021 года склаў 2, 29 млн тон (плюс 7%). Пры гэтым імпарт вырас на 16, 2%, да 1, 27 млн ​​тон.