Ціханоўская сустрэлася з паслом ЕЗ Дзіркам Шубелем і паслом Польшчы Артурам Міхальскім



Святлана Ціханоўская сустрэлася з паслом ЕЗ Дзіркам Шубэлем і паслом Польшчы Артурам Міхальскім, якія раней былі высланыя з Беларусі.  Яна падзякавала паслам за непрызнанне рэжыму Лукашэнкі і падтрымку грамадзянскай супольнасці.

«Мы абмеркавалі праграмы дапамогі рэпрэсаваным, малому бізнесу, стыпэндыі для студэнтаў. Шмат якія беларусы знайшлі бяспеку ў краінах Еўразвязу, і мы працуем над тым, каб яны адчувалі сябе камфортна і ўпэўнена,» — паведамляе прэс-служба Ціханоўскай.

Святлана Ціханоўская нагадала, што прайшло паўтара года пасля выбараў 2020, якія, па яе словах, былі адзначаныя «змаганнем беларусаў за сваю годнасць, за справядлівасць, за сумленныя выбары». Ціханоўская адзначыла незаконнасць рэферэндуму па змене Канстытуцыі і яшчэ раз выказалася за новыя сумленныя выбары.

Ціханоўская заявіла, што рэжым па-ранейшаму застаецца крыніцай нестабільнасці для ўсяго рэгіёну і свету. Спробы размясціць у Беларусі ядзерную зброю прывядуць да эскалацыі, за якую беларусы ўжо расплачваюцца свабодай і рублём.

На сустрэчы з дыпламатамі былі абмеркаваныя і сумесныя вучэнні, якія пачнуцца 10 лютага. Ціханоўская назвала іх «расейскімі вучэннямі» і заявіла, што «рэжым спрабуе прывучыць беларусаў да думкі, што вайна непазбежная».

Фота: tsikhanouskaya.org