Пра птушак-экстрэмістаў



Хто ў нашай краіне толькі не з’яўляецца экстрэмістам. І студэнты, і лекары, і праграмісты, і журналісты, і айцішнікі, і пенсіянеры. Гэта спіс можна працягваць бясконца. Вось цяпер чарга дайшла да птушак.

Міністэрства юстыцыі падало пазоў аб ліквідацыі “Аховы птушак Бацькаўшчыны”. Паводле Мінюста, “дадзенае грамадскае аб’яднанне публічна выказвае ідэю па падтрыманні сярод людзей пратэснай актыўнасці, выкарыстоўваючы пры гэтым выраз “Птушкі з народам”. Акрамя таго, Міністэрства звяртае ўвагу на тое, што “АПБ пад выглядам валанцёрства па выратаванні птушак на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь ажыццяўляе экстрэмісцкую дзейнасць”. Увогуле, калі першы раз бачыш такія паведамленні, то складваецца адчуванне, што хтосьці пажартаваў ад імя міністэрства. Ну, не могуць чыноўнікі такое пісаць. Вы што сур’ёзна? За абсалютна нейтральны выраз “Птушкі з народам” Мінюст падае пазоў аб ліквідацыі. Аўтар тэкста “Марсельезы” ў гэтым момант рассмяяўся на тым свеце. Я нават не буду цытаваць Марсельезу, якая і цяпер з’яўляецца гімнам Францыі, таму што там далёка не пра “Птушкі з народам”.

І зноў жа, гэта якую менавіта экстрэмісцкую дзейнасць выконвае “Ахова птушак Бацькаўшчыны”? Можа быць, тым, што праводзяць паўторнае забалочванне тарфянікаў, праводзяць улік птушак у Беларусі, падтрыхтоўваюць ахоўныя пашпарты ці праводзяць курсы птушкавання? То бок цяпер, калі выратаваў птушку, то цябе могуць абвінаваціць у экстрэмізме? А калі павесіў кармушку, то гэта тады што? У любым выпадку, птушкам ад ліквідацыі АПБ дакладна жыць лепей не стане. Але наўрад ці гэта хвалюе Мінюст.  

Беларускае Радыё РАЦЫЯ