Пра маштаб постаці лідара кырымлы Мустафы Джэмілева
З моманту анексіі ўкраінскай паўвыспы Крым прайшло амаль 8 год. Але практычна кожны дзень з тэрыторыі, якая кантралюецца РФ, прыходзяць трывожныя звесткі пра пераслед іншадумцаў. Літаральна штодзень у Крыме праходзяць ператрусы, арышты і запалохванні актывістаў. І так сталася, што большасць ахвяраў рэпрэсіўнай машыны – прадстаўнікі карэннага народу Крыму татары. Альбо, як яны просяць сябе называць: кырымлы. Насуперак агрэсіўнай крамлёўскай прапагандзе, якая абвяшчае ледзьве не ўвесь народ кырымлы рэлігійнымі фанатыкамі і экстрэмістамі, мясцовыя татары насамрэч свядома абралі мірны пратэст. Яны дзесяцігоддзямі змагаюцца за свае правы выключна мірнымі сродкамі, што выклікае вялікую сімпатыю ў свеце і што разумеюць, напрыклад, беларусы, якія таксама зрабілі стаўку на мірную трансфармацыю сістэмы.
Пацыфісцкі і свецкі характар крымскататарскага вызвольнага руху абумоўлены шмат у чым пазіцыяй лідараў гэтага народу. Без усялякага сумневу, галоўным аўтарытэтам сярод кырымлы з’яўляецца Мустафа-ага – чалавек пакалення Вячаслава Чарнавіла, Андрэя Сахарава і іншых тытанаў антысавецкага супраціву. Агулам за сваё жыццё Мустафа Джэмілеў каля 15 год правёў у турмах і лагерах за тое, што змагаўся за грамадзянскія і нацыянальныя правы свайго народу. Амаль паўстагоддзя таму малады крымскі татарын Мустафа Джэмілеў, пратэстуючы супраць пераследу савецкімі ўладамі, галадаў 303 дні ў адзіночнай камеры омскай турмы. Спыніў смяротна небяспечную галадоўку крымчук толькі па просьбе сваёй маці і акадэміка Андрэя Сахарава. Гэты выпадак з біяграфіі Джэмілева паказвае, наколькі рашучым і ўпэўненым у сваім змаганні за правы быў і ёсць гэты чалавек. У вялікай ступені дзякуючы яму кырымлы абавязаныя вяртаннем на сваю гістарычную радзіму ў Крым пасля сталінскай дэпартацыі 1944 года. А ўкраінская дзяржава мае быць удзячнай Джэмілеву за тое, што ён зрабіў усё, каб кырымлы сталі неад’емнай часткай украінскай грамадзянскай нацыі.
У 2014 годзе ўвесь свет бачыў, наколькі самааддана і самаахвярна крымскія татары супраціўляліся анексіі Крыма. Зразумела, гэтая пазіцыя народу вельмі не спадабалася Маскве, якая праўдамі і няпраўдамі хацела схіліць кырымлы на свой бок. Мустафа Джэмілеў пасля ўцёкаў Віктара Януковіча з трыбуны Вярхоўнай Рады Украіны звяртаў увагу Кіева на паўзучую анексію паўвыспы, за што ў далейшым атрымаў забарону на наведванне сваёй радзімы ад новых уладаў Крыму.
Рашэнне дэпутатаў польскага сейму адносна вылучэння Мустафы Джэмілева на самую прэстыжную ўзнагароду ў свеце – Нобелеўскую прэмію міра – прымаецца ў вельмі трывожны перыяд, калі ўздоўж украінскага кардону размясціліся дзясяткі тысяч расейскіх вайскоўцаў, сцягнутых быццам на вучэнні. Такі жэст польскіх парламентароў – гэта відавочная падтрымка не толькі адважнага крымскататарскага народу, але і цэласнасці Украіны. І хоць шлях ад вылучэння на Нобеля да ўручэння ўзнагароды яшчэ не пройдзены, але, падаецца, у выпадку ўшанавання Мустафы Джэмілева Нобелеўскі камітэт атрымае шанс на рэабілітацыю пасля ўручэння прэмій шэрагу супярэчлівых асоб.