З 12 лютага Нарвегія адмяняе каронавірусныя абмежаванні



Чарговая еўрапейская краіна адмяняе практычна ўсе абмежаванні, якія былі ўведзены з-за пандэміі каронавіруса. З 12 лютага ў Нарвегіі адмовіліся ад захавання дыстанцыі ў метр, патрабаванні насіць ахоўную маску і ізаляцыі.

Фота tripzaza.com.

Навінамі падзяліўся прэм’ер-міністр Нарвегіі Ёнас Гар Стэрэ, піша ТАСС. Ён таксама заявіў, што пандэмія ўжо не ўяўляе пагрозы для здароўя большай часткі насельніцтва, бо штам «амікрон» прыводзіць да менш сур’ёзных наступстваў хваробы.

Яшчэ адным фактарам для адмовы ад абмежаванняў стала тое, што ў Нарвегіі вакцынавана дзвюма дозамі каля 75% насельніцтва.

Разам са зняццем абмежаванняў адмяняецца і патрабаванне аб рэгістрацыі ўезду ў краіну, якое было абавязковым. А вось для наведвання архіпелага Шпіцберген, які зачынены для замежных чартараў, застаецца правіла здаць ПЦР-тэст на каронавірус перад паездкай, а таксама пасля ўезду.

На гэтым тыдні кавідныя абмежаванні ўжо аслабілі некалькі еўрапейскіх краін. Польшча адмяніла каранцін для тых, хто ўязджае з Шэнгенскай зоны, а для астатніх скараціла яго да 7 дзён. Швецыя адмовілася ад ковід-пашпартоў для жыхароў краін Паўночнай Еўропы, ЕЗ і Еўрапейскай эканамічнай зоны. Зняць абмежаванні на ўезд з астатніх краін абяцаюць у канцы сакавіка. А Вялікабрытанія адмяніла каранцін для непрышчэпленых турыстаў, паведамляе officelife.media.