У Рызе адбыўся пікет супраць вайсковых вучэнняў на беларускай тэрыторыі



У Рызе адбыўся пікет беларусаў супраць вучэнняў „Саюзная рашучасць”, якія праходзяць на беларускай тэрыторыі ля межаў Украіны. Пікет праводзіўся насупраць расейскага пасольства, доўжыўся каля гадзіны і ў ім паўдзельнічала каля 20 чалавек. Беларуская дыяспара выказала пратэст прысутнасці расейскіх войскаў на тэрыторыі Беларусі і салідарнасць з Украінай.

Вучэнні „Саюзная рашучасць” з удзелам расейскіх войскаў праходзяць на поўдні Беларусі ля мяжы з Украінай. Афіцыйныя асобы ЗША заяўляюць, што расейскія войскі рыхтуюць уварванне ва Украіну, якое адбудзецца ўжо на наступным тыдні.

За мінулыя суткі каля 18 краін параілі сваім грамадзянам не наведваць Украіну ці пакінуць яе тэрыторыю ў сувязі з высокай верагоднасцю ўварвання расейскіх войскаў. У асноўным размова ідзе аб краінах Еўропы.

Украінскі бок тым часам узмацніў кантроль на мяжы з Беларуссю. Некаторым беларусам, якія ў апошнія дні спрабавалі патрапіць ва Украіну, было адмоўлена ва ўездзе, паведаамляе reform.by