Генадзь Коршунаў: Беларусь там, дзе беларусы, і яны ўжо не памяркоўныя
Грамадская кампанія «Годна» прадставіла вынікі новага даследавання нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў і яе ролі ў палітычнай, каштоўнаснай і сацыяльнай трансфармацыі.
Галоўную праблему для беларусаў на фоне двухпалярнага расколу грамадства абазначыў старшы аналітык Цэнтра новых ідэй Генадзь Коршунаў:
-Разбурылася лакальная сацыяльнасць і пачаў фармавацца вобраз Беларусі агульны. Гэта таксама можа быць праблемай, таму што мы назіраем між тымі, хто ў Беларусі, і тымі, хто з’ехаў. Тут трэба разумець, што беларусы і Беларусь – гэта не толькі тэрыторыя, дзе мы жывем. Беларусь – там, дзе беларусы. Гэта вялікае пытанне – як нам зрабіць Беларусь, знаходзячыся паміж гэтымі двумя рознымі палярнымі праектамі.
Важныя высновы даследвання настрояў беларусаў з розных лагераў у грамадстве агучыла палітычны аналітык Леся Руднік:
-У 2021 мы бачым заканамернае павелічэнне заяў пра выкананне палітычных правоў у Беларусі. То бок, у людзей падвысілася пачуццё свядомасці, абвастрылася ўвага да палітычных і грамадзянскіх правоў. Гэта таксама ў нейкай ступені з’яўляецца заканамерным пасля палітычнага крызісу. Нягледзячы на тое, што людзі, з аднаго боку, дэпалітызуюцца, альбо становяцца больш абыякавымі да палітыкі, усё роўна застаецца даволі высокая грамадзянская свядомасць і ўвага, канцэнтрацыя на правах, патрабаванні захоўвання правоў з боку дзяржавы.
Па словах спікераў, важнай высновай даследавання з’яўляецца і тое, што беларуская ідэнтычнасць паступова адрываецца ад савецкай спадчыны – наратыву, які дагэтуль дастаткова шчыльна прысутнічаў у жыцці грамадства Беларусі.
Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара