Групу J:MOРС адмаўляюцца ўпускаць ва Украіну



Украінскія памежнікі адмаўляюцца прапусціць у краіну групу J:MOРС, у дадзены момант яны чакаюць канчатковага рашэння на мяжы.

14 лютага ў арт-пабе „Торвальд” у іх запланаваны канцэрт. Гэта першы іх выступ ва ўкраінскай сталіцы. Чакалася, што яны прыедуць са спецыяльнай праграмай, у якую ўвойдуць як самыя папулярныя песні гурта, так і зусім новыя. Арганізатары згадвалі і пра сюрпрызы.

«У нас у Кіеве заўсёды былі блізкія сябры, а зараз сюды перабраліся і многія, з кім да гэтага мы бачыліся на нашых канцэртах на радзіме. Што ж… Магамед ідзе да гары. Для нас гэта будзе асаблівы канцэрт», — каментаваў выступленне франтмэн гурта Уладзімір Пугач.

Па словах мэнэджаркі, на памежным пункце „Віступовічы” сілавікі сказалі, што ў каманды няма падстаў для ўезду ў краіну. Ніякага дакумента гурту пакуль што не далі.

«На гарачай лініі гавораць, што няма падстаў для адмовы. А самі памежнікі не пускаюць. Мы спрабуем зразумець, каму, магчыма, патэлефанаваць. Пакуль што вельмі нейкі заблытаны момант», – распавяла Вольга.