Роберт Тышкевіч: Я супраць рашэння аб’яднаць беларускамоўныя садок і школу ў адзіны комплекс



Дэпутат польскага Сейму Роберт Тышкевіч пракаментаваў негалосную сустрэчу прэзідэнта Беластоку Тадэвуша Трускаляскага з прадстаўнікамі беларускай меншасці, якая мела месца 14-га лютага і вялася вакол праекту аб’яднаць у адзіны комплекс школу №4 і беларускі садок №14.

Роберт Тышкевіч адзначыў непрымальнасць праекту рашэння ўладаў горада:

Я прашу не прымаць рашэння пра аб’яднанне беларускага прадшколля з пачатковай школай. Лічу, што гэта дрэнная практыка і памылка. Лічу, што практыкай еўрапейскай і польскай з’яўляецца захаванне інтэгральнасці адукацыйных устаноў нацыянальных меншасцяў. Гэта прынцып, якога Польшча дамагаецца ад сваіх замежных партнёраў. Мы заўсёды пратэставалі, калі іншыя краіны хацелі аб’яднаць польскія школы з дзяржаўнымі ўстановамі. Я лічу, што было б вельмі дрэнна, калі б гэта адбылося ў Беластоку.

Роберт Тышкевіч таксама ацаніў уплыў СМІ на хаду перамоў і тыя наступствы, якія стварэнне комплексу прынясе гораду і нават усёй Беласточчыне:

Я спадзяюся, што гэтыя размовы будуць працягвацца і прынясуць добры вынік. Я звяртаюся да прэзідэнта Трускаляскага з просьбай не прымаць гэтага рашэння пра аб’яднанне, якое не з’яўляецца абавязковым, не з’яўляецца неабходным. Гэта прынясе шмат дрэннага іміджу Беластока, ужо сёння выклікае непакой у асяроддзі беларускай меншасці, у асяроддзі праваслаўных. Спадзяюся, што гэтыя размовы будуць працягвацца ў прысутнасці ці без прысутнасці СМІ. Веру, што яны прынясуць жаданы, карысны вынік.

Па словах Роберта Тышкевіча, у школе, як і садку, пануе свой мікраклімат, які будзе фактычна разбураны пасля ўтварэння комплексу.

Таксама жадаючыя могуць падпісаць петыцыю супраць аб’яднання ў адзіны комплекс беларускамоўнага садка № 14 і школы №4 горада Беластока, у тым ліку праз сайт нашага радыё і акаўнты ў сацсетках. Усе сабраныя подпісы будуць перададзены ў гарадскую ўправу 17-га лютага ў электронным і пісьмовым выглядзе. Петыцыю можна падпісаць па спасылцы.

Беларускае Радыё Рацыя