Воля Севярынец: Раз на тыдзень Паша тэлефануе



Жонка палітзняволенага палітыка і пісьменніка Паўла Севярынца Вольга канстатуе, што лісты ад мужа прыходзяць з затрымкаю на месяц, але раз на тыдзень яны чуюць Паўла.

Пра кантакты з мужам кажа Вольга Севярынец:

– Зрэдку, раз на месяц, ходзіць адвакат на праверку. Ёсць лісты. Праўда, яны ідуць вельмі павольна. Калі раз на тыдзень нешта прыйдзе з затрымкай у месяц, то гэта добра, гэта лічыцца, што ідзе ліставанне. Ёсць кароткія званкі, раз на тыдзень, дзесьці на тры хвіліны. Зараз па новых правілах усім вязням у калоніях павінны даваць вось такія званкі сем’ям. Таму раз на тыдзень, ад нядзелі да нядзелі, мы чакаем, каб убачыць Паўла хаця б на пару хвілін, паглядзець, як ён выглядае.

Па словах Вольгі, Павел таксама дасылае сыну прыгожыя малюнкі, якія сам малюе:

– Пачалося ўсё з сям’і, з машынак, бо Францішак любіць тэхніку, а пасля, як кажа Павел, каб прывіваць пачуццё прыгожага, то давай я буду яму маляваць і беларускія храмы. Францішку гэта таксама вельмі спадабалася, і вось гэта вылілася ў такі цэлы праект, хоць ніхто не думаў, калі гэта пачыналася, што Пашыны малюнкі апынуцца на паштоўках.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле.

Вольга таксама дзякуе за патрымку ўсім беларусам, якія дапамагаюць іх сям´і. Яна лічыць, што выслоўе «беларус беларусу беларус» зараз працягвае працаваць і з кожным днём гэта бачна ўсё мацней.

Сяргей Апановіч, Беларускае Радыё Рацыя