Вацлаў Арэшка: Павел Жук – вялікая і неад’емная частка гісторыі нашай свабоды



У Менску ва ўзросте 65 год памёр прадпрымальнік, выдавец легендарных газетаў „Свабода”,  „Наша Свабода”, „Навіны” і іншых Павел Жук.

У размове з нашым карэспандэнтам сваімі ўспамінамі пра яго падзяліўся культуролаг, журналіст, палітычны актывіст Вацлаў Арэшка, яны былі знаёмы больш за 30 год:

-Я магу ганарыцца тым, што ён быў не проста знаёмым, а вельмі добрым прыяцелем. Мы супрацоўнічалі, сябравалі. І такая страта дагэтуль не ўкладваецца ў галаве. Яго замяніць пакуль што, мне здаецца, немагчыма. Зараз сітуацыя такая, што адзін за адным сыходзяць лепшыя людзі. За апошнія месяцы гэта ўжо не першы ўдар па нашай беларускай супольнасці. Калі не будзе такіх людзей як Павел, як Раман Якаўлеўскі, які не так даўно пайшоў, я не ведаю, як мы зможам адрадзіць гэтую краіну. На жаль, моладзь зараз мае вельмі кароткую памяць, і нашае пакаленне яшчэ было патрэбнае. А Павел быў у самым росквіце сваіх сіл. Павел – вялікая і неад’емная частка гісторыі нашай свабоды.

РР: Яго імя папоўніла мартыралог выдатных беларускіх журналістаў, рэдактараў, як той жа Ігар Гермянчук, Пётр Марцаў, Юрый Зісер, Алесь Ліпай…

Вацлаў Арэшка: Мне сумна, таму што спіс мартыралогу папаўняецца і папаўняецца. А спіс тых, хто штосьці робіць, расце значна павольней.

РР: Усе гэтыя людзі занадта рана сышлі. Такое ўражанне, што не памерлі, а загінулі ў барацьбе. Была б іншая сітуацыя ў Беларусі, яны б мабыць яшчэ жылі і прыносілі шмат карысці.

Вацлаў Арэшка: Чамусьці атрымліваецца так, што хвароба б’е па лепшых. Вось што сумна. Не ведаю, чаму так. Атрымліваецца нейкі генацыд беларускай нацыі ў пэўнай ступені. Цяжка казаць. Павел быў настолькі часткай усёй гэтай беларускай справы, што мала хто яго не ведаў. І цяжка сказаць, што ён не рабіў у вобласці медыя, у вобласці выдавецкай справы, пачынаючы ад выдання каляндарыкаў, заканчваючы глабальнымі праектамі. І шмат чаго было яшчэ ў планах.

Але яго справа і ўсё ім зробленае не знікне. І таму таксама, што мы будзем памятаць пра Паўла, пра яго энергію, яго справы і мары, – кажа Вацлаў Арэшка.

Цалкам гутарка ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя