Уладзімір Кавалкін: У Беларусі зараз няма іншых рэсурсаў, як толькі эканоміка ведаў



У межах другога дня працы анлайн-канферэнцыі Reshape 2022 эксперты абмеркавалі сітуацыю ў Беларусі. Пры ёй палітычны крызіс моцна не адбіўся на стане эканомікі, але экспарт краіны рана ці позна зведае ўдар санкцыямі. Мажлівыя шляхі развіцця Беларусі ў дастаткова цяжкіх умовах абазначыў кіраўнік праекта “Кошт урада” і заснавальнік Petitions.by Уладзімір Кавалкін:

Уладзімір Кавалкін

– Я б не вельмі спадзяваўся на лібералізм у выглядзе яго вытокаў, бо мне падаецца праз год ён прывядзе да новага Лукашэнкі, і будзе наступны цыкл адстаючага калгасу на датацыях з Расеі. З палітычна-сацыяльнага пункту гледжання гэта шведскі парламенцкі сацыялізм. З пункту гледжання эканомікі – я бачу эканоміку ведаў а-ля Ізраіль. Напэўна, гэта наш шлях, калі мы ім пойдзем, то адбудуемся як краіна і як грамадства.

Галоўныя выклікі ў беларускай эканоміцы назвала акадэмічная дырэктарка BEROC Кацярына Барнукова:

Кацярына Барнукова

– Нельга сказаць, што палітычны крызіс увогуле ніяк не адбіваецца на эканоміцы. Мы яго бачым у тым, што большасць людзей ацэньваюць свой эканамічны стан і сваю эканамічную будучыню, як нестабільныя, бачаць шмат пагрозаў рызыкаў, гэта тычыцца ў тым ліку бізнэсу, які не інвестуе. Гэта значыць інвістыцыі, нягледзячы на тое, што мы жывем падчас беспрэцэндэнтнага эканамічнага цуду, працягваюць падаць другі год запар. Таму нельга казаць, што палітычны крызіс увогуле прайшоў незаўважна, але экспартны цуд пакуль яго перакрывае.

Паводле меркаванняў спікераў, у Беларусі прагназуецца разрыў у памерах заробкаў, што прывядзе да росту працоўнай міграцыі, у тым ліку і ў Польшчу. Сітуацыю пагаршаюць рэгіянальныя дыспрапорцыі эканамічнага росту, якія назіраюцца ў Беларусі апошнім часам.

Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя