Вольга Івашына: За 11 месяцаў ніводнага спаткання



Да гарадзенскага палітвязня, журналіста Дзяніса Івашына, які з сакавіка 2021 года знаходзіцца за кратамі, чарговы раз не пусцілі яго жонку Вольгу Івашыну.

Заяву на спатканне яна пісала больш за тыдзень таму:

– Гэта была мая заява. Спатканне чарговае ўжо, там я ўжо не ведаю колькі. Я яе дасылала разам са сваёй заявай пра тое, што я адмаўляюся даваць паказанні. Паколькі мяне хацелі бачыць, я ім даслала гэтую заяву-адмову даваць паказанні. Вырашыла, што чарговы раз напішу, папрашу ўбачыць Дзяніса. Але мне адказалі, што падстаў, як звычайна, няма.

Ужо амаль 5 месяцаў ад Дзяніса няма лістоў, таму Вольга таксама піша іншым палітвязням:

– Некалькі разоў пісала Алесю Пушкіну. Ён адказвае, паштоўку дасылаў да Дня святога Валянціна. Пісалі Паўлу Севярынцу, адказ быў раз ці два.

Вольга Івашына просіць паведамляць ёй у сацсетках пра тое, калі нехта лістуецца з Дзянісам. Яна спадзяецца, што камусьці ўдалося прабіцца праз блакаду, якую стварылі следчыя органы.

Беларускае Радыё Рацыя