БАЖ вылучылі на прэмію ЮНЭСКА імя Гільерма Кана



46 краінаў-сябраў ЮНЭСКА, у тым ліку ўсе 27 краінаў Еўразвязу, падтрымалі вылучэнне Беларускай асацыяцыі журналістаў на Сусветную прэмію за свабоду прэсы імя Гільерма Кана 2022. Пра гэта паведаміла дэлегацыя Еўразвязу ў АБСЕ і ЮНЭСКА на сваёй старонцы ў твітэры.

Прэмія названа ў гонар калумбійскага журналіста Гільерма Кана Ісаса, забітага ў 1986 годзе, і штогод прысуджаецца асобам і арганізацыям, якія ўнеслі вялікі ўклад у справу абароны і развіцця свабоды слова ў розных краінах свету, асабліва калі гэта спалучана з небяспекай для жыцця. Прысуджэнне прэміі прымеркаванае да Сусветнага дня свабоды друку, які адзначаецца 3 траўня.

Нагадаем, што 27 жніўня мінулага года Вярхоўны Суд Беларусі ліквідаваў Беларускую асацыяюцыю журналістаў. БАЖ абскарджвае гэтае рашэнне ў міжнародных інстанцыях.