Дэлегацыя польскага Сейму паўдзельнічала ў пасяджэннях Вярхоўнай рады Украіны



Польшча павінна стаць плячом да пляча з украінскімі сябрамі. Пасол Сейма Роберт Тышкевіч распавёў у нашым эфіры, што польская дэлегацыя была вельмі цёпла сустрэтая дэпутатамі Вярхоўнай Рады Украіны. Візіт адбыўся 16 лютага ў Дзень Украінскага Адзінства.

Роберт Тышкевіч

РР: У складзе дэлегацыі былі прадстаўнікі як урадавай кааліцыі, як і апазіцыі. Ці вы не перасварыліся ў дарозе? Бо ўсім вядома, як раз’яднаная польская палітычная сцэна.

– Для мяне гэта было асабліва сімвалічна, бо я з пасланнем польскага сейму да украінцаў быў на Майдане. На пачатку снежня 2013 году. Тады я быў з маршалкам Гжэгажам Схятынам, а ўчора быў з маршалкам Рышардам Тэрлецкім. Так што можна сказаць, у справе Украіны кажам, ці стараемся казаць адным голасам. Лічу вельмі важным, што заўсёды тады, калі Украна змагаецца за свабоду і сваю, але таксама за свабоду і бяспеку Еўропы, то палякі на баку Украіны. Гэта вельмі сімвалічна, і гэта ўчора мы хацелі прадэманстраваць.

РР: Аляксандр Лукашэнка цвёрда трымаецца Уладзіміра Пуціна, заяўляе пра салідарнасць у выпадку вайны з Украінай. Раней можна было казаць пра сяброўскія адносіны паміж беларускім і ўкраінскім народамі. А як на Беларусь украінцы глядзяць сёння? Палітыкі і звычайныя грамадзяне?

– Падчас другога рабочага спаткання пад кіраўніцтвам віцэ-кіраўніка Вярхоўнай Рады, Алены Кандрацюк, беларускую тэму пачалі самы украінскія дэпутаты. Яны папрасілі нас, каб мы маглі паразмаўляць на гэтую тэму. Пачалі яны ад таго, што ва Ўкраіне ўсё больш бежанцаў з Беларусі, яны гэта заўважаюць. Таксама чуюць пагрозу, няма ніякага даверу Лукашэнку, і апошняе спатканне міністраў абароны Украіны і Беларусі, падчас якога беларускі бок распавядаў, што ніякай агрэсіі з боку Беларусі не будзе, праз украінскі бок было прызнана, але асаблівага даверу да таго, што зробіць Лукашэнка, асабліва няма. Асабліва, калі ўсе ведаюць, што ён цалкам падпарадкаваны Пуціну, і выканае кожны яго загад. Лукашэнка не з’яўляецца гаспадаром ва ўласнай краіне, толькі выконвае загады з Крамлю, так што украінцы вельмі ўважліва прыглядаюцца беларускай сітуацыі. Таксама мы размаўлялі пра тое, каб у формуле «Люблінскага трохкутніка» Польшча-Літва-Украіна пачаць размовы на тэму дапамогі для грамадзянскай супольнасці і дэмакратыі ў Беларусі. Украінцы зацікаўленыя прадэмакратычнымі зменамі ў Беларусі, бо тады будуць чуць сябе больш бяспечна – Беларусь, падпарадкаваная Маскве, гэта чарговая пагроза для украінскай дзяржавы.

РР: Украіна зараз знаходзіцца ў цэнтры ўвагі ўсяго свету, а ў Беларусі нічога не змянілася. Хіба што да горшага, бо пабольшылася расейскіх войскаў. Ці Беларусь зараз бачная з Варшавы?

– Не толькі ў Варшаве, але і ў свеце ўсе заўважылі, якую пагрозу для незалежнасці Беларусі стварае сітуацыя наяўнасці там расейскіх войскаў у такой колькасці. Месяц таму, як кіраўнік групы сяброўства Беларусі з парламентаў хіба ўсіх заходніх краінаў і ЗША падпісалі такі дакумент, што працяг наяўнасці расейскіх войскаў паза тэрмінам вызначаных вучэнняў, якія зараз праходзяць, будзе азначаць парушэнне незалежнасці Беларусі. Усе мусяць заўважць, што не толькі незалежнасць Украіны сёння пад пагрозай праз Расею, але Крэмль таксама начхаў на незалежнасць Беларусі. І тут таксама Польшча і Захад мусяць быць вельмі чуйныя. Не можам дапусціць, каб гарнізон расейскіх войскаў у такой колькасці – некалькі дзясяткаў – застаў пасля вучэнняў у Беларусі. Гэта будзе парушэнне ўсіх трактатаў, усіх укладаў, якія былі. І таксама гэта будзе азначаць, што мы будзем павінны пачаць ціск на Расею, каб не згубіць незалежнасці Беларусі.

Слухайце размову цалкам у далучаным файле:

Падчас візіту польскай дэлегацыі ў Кіеў у прыватнасці прайшлі працоўныя сустрэчы з дэпутатамі Вярхоўнай Рады: з удзелам старшыні Руслана Стэфанчыка, і з намеснікам старшыні Аленай Кандрацюк. Цяперашні крызіс стварае вялікую патрэбу ў вяртанні польска-ўкраінскіх адносін на належны, высокі ровень. Варта гэтым скарыстацца, адзначае Роберт Тышкевіч. Напрыканцы візіту ў Кіеў чальцы польскай дэлегацыя ўсклалі кветкі да Сцяны памяці герояў расейска-ўкраінскай вайны, а таксама наведалі Майдан і ўшанавалі памяць яго герояў.

Беларускае Радыё Рацыя

фота з архіву Роберта Тышкевіча