Агляд прэсы: відавочнасць неверагоднага



Вучэнні з Расеяй – прыкмета непазбежнага ўварвання ва Украіну? Францыя вырашыла вывесці войскі з Малі. Крызіс вакол Украіны парцягваецца. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Высмейваючы ЗША за выдаткі мільярдаў на спецслужбы, якія, паводле яго словаў, памылкова прадказалі напад на Украіну, аўтакратычны лідар Беларусі, заходняга суседа і найбліжэйшага саюзніка Расеі, заявіў у чацвер, што сумесныя ваенныя вучэнні, якія цяпер праходзяць паміж краінамі, не ёсць прадвеснікамі ўварвання, прынамсі, цяпер», – піша амерыканская газета The New York Times.

Выданне пры гэтым цытуе заходніх афіцыйных асобаў, якія папярэджваюць, што ваенныя манеўры, апісаныя ў НАТО як найбуйнейшае размяшчэнне расейскіх войскаў у Беларусі з часоў заканчэння халоднай вайны, могуць служыць прыкрыццём для нападу на Украіну.

«Расея не выстаўляе напаказ свае самыя перадавыя баявыя самалёты і баявыя танкі. Але бамбавікі-знішчальнікі «Сухі» і баявыя верталёты Мі-24 па-ранейшаму праецыруюць моц, праносючыся па заснежанай прасторай, якая цяпер хутка ператвараецца ў бруд — далёка не ідэальныя ўмовы для наземнага нападу на Украіну, якія амерыканскія чыноўнікі прадказвалі на працягу некалькіх тыдняў», – адзначае амерыканская газета і працягвае сачыць за пагрозай нападу на Украіну Расеяй з тэрыторыі Беларусі.

Францыя, шэраг яе еўрапейскіх партнёраў і Канада пасля дзевяцігадовай ваеннай прысутнасці ў Малі маюць намер вывесці свае падраздзяленні з гэтай краіны. Задачай вайскоўцаў была падтрымка мясцовых сіл бяспекі ў барацьбе супраць тэрарыстычных груповак. Аднак у апошні час вакол ваеннай місіі ў Малі складалася не лепшая атмасфера: з прычыны пагаршэння адносін з ваеннай хунтай, якая прыйшла да ўлады. Еўрапейскія СМІ ўхваляюць рашэнне аб вывадзе войскаў, але папярэджваюць аб магчымых наступствах.

Швейцарская газета Neue Zürcher Zeitung піша:

«Наёмнікі з блізкай да Крамля ЧВК Вагнер ужо знаходзяцца ў краіне і, без усялякіх сумневаў, паспрабуюць запоўніць узнікаючы вакуўм у палітыцы бяспекі гэтай краіны зоны Сахеля. Для Еўропы падобнае ўзмацненне ўплыву Масквы ў Малі мела б вельмі балючыя наступствы ў плане сітуацыі з бежанцамі: гэтая краіна размешчана на адным з найважнейшых міграцыйных маршрутаў на захадзе Афрыкі. Той, хто губляе Бамака ў якасці партнёра, тым самым пазбаўляецца і кантролю над міграцыйнымі плынямі ў рэгіёне».

Сітуацыя на расейска-ўкраінскай мяжы працягвае заставацца напружанай. Хоць Расея абвясціла аб адводзе часткі войскаў, па дадзеных назіральнікаў з ЗША і НАТА, мае месца хутчэй адваротнае, а менавіта – узмацненне вайсковай групоўкі. На лініі фронту ў Данбасе пачасціліся перастрэлкі. Усё гэта толькі падсілкоўвае асцярогі, што справа можа ў любы момант дайсці да эскалацыі.

“Сваімі паводзінамі Расея, вядома, згуртавала Захад, але з іншага боку – зноў прымусіла яго з сабой лічыцца”, – такі вынік падводзіць чэшская газета Lidové noviny.

«Кіраўнік расейскай дзяржавы можа быць задаволены. Справакаваны ім крызіс у любым выпадку зрабіў яго вельмі прыкметнай фігурай. Ён паказаў свету, як важна з ім лічыцца. І гэта ўжо сёе-тое. Акрамя таго, на Захадзе ёсць нямала ўплывовых людзей, якія паказваюць на тое, што некаторыя патрабаванні Расеі па пытаннях бяспекі суцэль маюць пад сабой падставу. Так, напрыклад, былы амбасадар ЗША ў Расеі Майкл Макфал выступае за заключэнне маштабнага пагаднення пад кодавай назвай “Хельсінкі 2.0”, – падкрэслівае чэшскае выданне.

Услед за Даніяй і Швецыяй зараз і іншыя еўрапейскія краіны, такія як Чэхія і Славакія, жадаюць як мага хутчэй зняць апошнія абмежаванні ў сувязі з пандэміяй. Тым не менш, масачны рэжым мяркуецца захаваць. Аглядальнікі назіраюць за тым, што адбываецца са змяшанымі пачуццямі.

Славацкая газета Pravda хутчэй занепакоена маючым адбыцца паслабленнем абмежаванняў.

«Няхай амікрон не такі небяспечны штам, як яго папярэднікі, людзі па-ранейшаму паміраюць у шпіталях. Так, вакцыны не змаглі забяспечыць чаканага калектыўнага імунітэту нават у краінах з высокім узроўнем вакцынацыі, але там, прынамсі, не памірае так шмат людзей, як у нас. Калі б пераважная большасць насельніцтва прышчапілася трэцяй дозай вакцыны, тое паслабленне мер было б лагічным крокам. Але паколькі палова жыхароў Славакіі вакцынацыю проста праігнаравала, ёсць усе падставы баяцца таго, што можа адбыцца ў далейшым», – папярэджвае славацкае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя