У Берасці гаварылі пра велатурызм
Як самастойна можна зладзіць вандроўку, як выбраць ровар і абсталяванне, якія ёсць цікавыя роварныя маршруты з Беларусі ў Еўропу ды магчымасці для бюджэтных вандровак – адказы на такія пытанні шукалі ў Берасці. Тут прайшла сустрэча пад назвай „Размовы пра велатурызм і актыўны адпачынак”.
Яна сабрала амаль паўсотні раварыстаў. Прадстаўнік менскага роварнага таварыства Аляксей Ландрэс лічыць, што спланаваць вандроўку на ровары можа кожны, дастаткова моцнага жадання:
– Спачатку прапрацаваць маршрут, выбраць сродкі перасоўвання. Самая лепшая матывацыя – загадзя раздрукаваць нейкія малюнкі месцаў, куды хочаце паехаць. І на працы, дома на бачныя месцы павесіць іх, каб была матывацыя. І, напрыклад, да адпачынку маем 2 месяцы, пачынаем ужо кожны вечар крыху планаваць. Насамрэч, гэта зараджае вельмі моцна, дае сілы.
У час мерапрыемства можна было пачуць адказы на свае пытанні і даведацца пра спецыфіку, асаблівасці і тонкасці роварнага турызму: пра падрыхтоўку і абсталяванне, амбасады і візы, сеткі гасціннасці і начлегі пад адкрытым небам, магчымасці падарожнічаць бюджэтна ці ўвогуле бясплатна.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце