Алеся Дзянісава выклікаюць у міліцыю
Гарадзенскі журналіст-фрылансер Алесь Дзянісаў арымаў 30 сакавіка пратакол. Ён абвінавачваецца па арт. 22.9 ч.2 КаАП – “незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ”.
Яго і яшчэ аднаго гарадзенскага журналіста Алеся Кіркевіча абвінавачваюць у тым, што яны зрабілі для тэлеканала “Белсат” відэасюжэт пра выставу слуцкіх паясоў у Гарадзенскім музеі гісторыі рэлігіі. Паводле журналістаў, у матэрыялах праверкі ёсць скрыншоты з сайта. Таксама з іх вынікае, што супрацоўніцу музея Галіну Хімко, якая фігуруе ў сюжэце, выклікалі на гутарку ў КДБ і ў міліцыю для апазнання журналістаў па фотаздымках. Алесь Дзянісаў не пагадзіўся з пратаколам, што складзены на яго супрацоўнікам міліцыі:
– Я не пагадзіўся з тым, што напісана ў пратаколе. А напісана ў ім, што я браў інтэрв’ю. Калі на тое пайшло, то я аператар, я здымаў, нават рота не адкрываў. Па-другое, там напісана, што я займаўся вырабам і распаўсюдам матэрыялу. Я не сродак масавай інфармацыі і не маю ніякага дачынення да сайта ці канала. Таму я сам не магу гэты матэрыял зрабіць. Бо каб яго зрабіць, трэба яго змантаваць, агучыць, выставіць на сайце, даць у эфір і г.д. А я гэтага ўсяго не магу рабіць, бо не з’яўляюся прадстаўніком канала.
Па словах журналіста, міліцыянты паведамілі, што справа будзе хутка перададзена ў суд Ленінскага раёна Гародні.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня