Таццяна Севярынец праводзіць флэшмоб-апытанку да Дня роднай мовы



Віцебская актывістка і маці палітвязня Таццяна Севярынец прапанавала ўсім ахвотным падзяліцца гісторыямі на тэму «Як я пачаў размаўляць па-беларуску». Пра тое, што яна, былая настаўніца рускай мовы і літаратуры, пачала размаўляць на роднай мове, дзякуючы сыну Паўлу і ягоным сябрам, Таццяна Севярынец распавяла на сваёй старонцы ў Фэйсбуку. І запрасіла ўсіх ахвотных у каментарах распавесці свае гісторыі.

Да прапанаванага флэшмобу далучылася шмат людзей, сярод іх краязнаўца і літаратар з Верхнядзвінску Антон Бубала, вядомая ці не кожнаму беларусу «маці пленэраў» з Германавічаў Ада Райчонак. Многія распавялі, што адчулі беларускую мову роднай пасля жнівеньскіх падзеяў 2020-га году, адзначае Таццяна Севярынец:

– Можна ведаць шмат моваў, але гонар, калі ты ведаеш родную мову. Пасля 2020-га году цікаўнасць да яе, патрэба вярнуцца да яе або авалодаць ёй у грамадстве прачнулася, я гэта адчуваю! Людзі зразумелі, што гэтай мовай, старажытай, багатай, мілагучнай, можна валодаць. Дык давайце зробім яе нормай!

На думку спадарыні Таццяны, разастайных імпрэзаў з нацыянальным каларытам і заклікаў размаўляць па-беларуску ў Дзень роднай мовы не дастаткова, каб чалавек адчуў беларускую мову па-сапраўднаму сваёй. Але гэты дзень можа стаць штуршком да таго, каб грамадзяне Беларусі задумаліся пра лёс роднай мовы, пра тое, што ён залежыць і ад іх асабіста, і прынялі беларускую мову як сваю.

Беларускае Радыё Рацыя