Кацярына Глод: Што Пуцін захоча, тое “губернатар” Лукашэнка і зробіць
Менш чым за два гады Беларусь ператварылася з краіны, якая імкнецца да дыялогу з Украінай, уключаючы міратворчую ролю, у патэнцыйную лінію фронту ў канфлікце паміж Расеяй і яе паўднёвым суседам. На 22 лютага запланаваны разгляд сітуацыі і прызнання ДНР і ЛНР у расейскай Дзярждуме, але ўжо увечары 21 лютага ў звароце да расейцаў аб такім прызнанні заявіў Уладзімір Пуцін. Як бы там не было надалей, аднак гэтае пытанне хутка паўстане і ў дыскурсе ўлады Беларусі, якая будзе вымушана таксама прызнаць ДНР і ЛНР незалежнымі з усімі надыходнымі наступствамі для Украіны.
Наша карэспандэнтка Вольга Сямашка паразмаўляла з «Госцяй Рацыі» – палітолагам Цэнтру аналізу еўрапейскай палітыкі (ЗША) Кацярынай Глод пра тое, наколькі Беларусь захавала свой суверэнітэт ва ўмовах прысутнасці на яе тэрыторыі расейскіх войскаў і ўвядзення санкцый, як пройдзе рэферэндум 27-га лютага, ці пачнецца расейска-украінская вайна і ці можна лічыць Лукашэнку расейскім «губернатарам».
РР: Як на вашую думку, прызнанне Расеяй ДНР і ЛНР паўплывае на сітуацыю, якая склалася на тэрыторыі Беларусі і Украіны?
Кацярына Глод: Зараз выказваецца вельмі шмат думак наконт таго, якую пазіцыю зойме Расея і як яна будзе працягваць атаку на Украіну. І нейкага канкрэтнага вырашэння гэтага пытання ніхто не ведае. Што датычыцца Беларусі, то на Беларусь наўпрост, мне падаецца, гэта не аказвае ўплываў. Аказвае ўплывы ўся агульная сітуацыя вакол Украіны. І тое, што Беларусь страчвае сваю самастойнасць, свой суверэнітэт, і тое, што Лукашэнка цалкам аддае ўсе пытанні абароны Пуціну, то бок сам ён ужо не вырашае. І гэта вельмі добра было бачна, калі Лукашэнка быў у Асіповічах на палігоне і калі ён сустракаўся з Пуціным, ён напрамую гэта казаў, што ўсё мы абмяркуем «са старэйшым братам і як старэйшы брат вырашыць, так і будзе». Хаця да гэтага міністр замежных спраў Макей спрабаваў нейкі такі мэсыдж адправіць на Захад, што ўсе войскі з Беларусі выйдуць. І гэтае супрацьстаянне мэсыджаў паказвае на тое, што Лукашэнка цяпер не прымае рашэнняў у пытаннях абароны і што менавіта пытанне Украіны прывяло вельмі паказальна да таго, калі Лукашэнка не ў стане кантраляваць сітуацыю.
РР: Калі на сёння расейскія войскі не выведзены з тэрыторыі Беларусі, то ці можам мы сцвярджаць, што менавіта гэта воля Крамля, і Лукашэнка быў бы рады, каб войскі сышлі? Ці тут нейкая іншая расстаноўка сіл?
Кацярына Глод: Я думаю, што тут палка з двума канцамі. З аднаго боку, Лукашэнку, канешне, хацелася б, каб не было расейскіх войскаў на Беларусі. У першую чаргу гэта менавіта кепска для грамадства Беларусі. Бо стаўленне беларускага грамадства да вучэнняў, да ўцягвання Беларусі ў расейскі канфлікт з Украінай, гэта, канешне, вельмі негатыўна адбіваецца на Лукашэнку. І той рэйтынг, які ў яго ёсць, сёння 25-30%, то, напэўна, ён згубіў яшчэ 2-3% за кошт таго, што ўцягнуў Беларусь у гэты канфлікт. З гэтага пункту гледжання, канешне, Лукашэнку хацелася б, каб ён усё ж такі быў кіраўніком дзяржавы і меў нейкую вагу ў пытаннях пра ўвядзенне расейскіх войскаў. З іншага пункту гледжання, я думаю, што для Лукашэнкі гэта вельмі зручна мець расейскія войскі, бо ён паказвае сваю лаяльнасць да Пуціна, у адказ ён атрымоўвае палітычную падтрымку, а таксама спадзяецца на эканамічную. І таксама ён пасылае адмысловы мэсыдж Захаду, што Захад таксама павінен прымаць Лукашэнку сур’ёзна, бо ён цяпер разам з Пуціным, і што трэба яго прызнаць. Што Захад не збіраецца рабіць. Так што для Лукашэнкі гэта з аднаго боку зручна, а з другога боку гэта зніжае яго рэйтынг.
РР: Нядаўна Лукашэнка ездзіў да Пуціна і многія пісалі пра тое, што гэта быццам бы губернатар прыехаў дакладаць пра сітуацыю ў сваім рэгіёне. Як на ваш пункт гледжання, якое месца зараз займае Лукашэнка? Гэта прэзідэнт самастойнай дзяржавы, ці гэта сапраўды ўжо губернатар?
Кацярына Глод: Я таксама думаю, што гэта ўжо ідзе больш да губернатара. Тое, што Лукашэнка самастойна не прымае рашэнні, асабліва ў ваеннай галіне, у галіне абароны, гэта цяпер відавочна. Тое, што Лукашэнка ездзіць, а гэта ўжо, здаецца, сёмы ці восьмы раз, калі ён прыязджаў да Пуціна на справаздачу, таксама гэта выглядае як губернатар, або як чалавек, які стаіць пад уплывам Пуціна, які прыязджае і дакладае, што адбываецца ў адной з губерній. Канешне, усё ж такі Лукашэнка яшчэ мае нейкую моц у Беларусі, хаця ў яго няма легітымнасці, тым не менш, ён трымае ўладу. Але гэтая ўлада робіцца ўсё меншай.
РР: І вось у гэтых варунках, калі ў Беларусі прысутнічаюць расейскія войскі, калі Лукашэнка займае «губернатарскую пазіцыю», то ў якіх умовах пройдзе рэферэндум 27 лютага? Ці будзе неяк выкарыстана ваенная сіла? Хто кантралюе гэтую сітуацыю? І якімі будуць вынікі рэферэндуму?
Кацярына Глод: Па-першае, можна сказаць, што рэферэндум будзе праходзіць пад акупацыяй, пад знаходжаннем расейскіх войскаў. Мы вяртаемся да ранейшай сітуацыі, да сітуацыі Савецкага Саюза, калі расейскія войскі былі ў саюзных рэспубліках, у Прыбалтыцы, у іншых краінах Усходняй Еўропы. Я не думаю, тое, што расейскія войскі будуць знаходзіцца ў Беларусі падчас рэферэндуму, гэта неяк паўплывае на яго вынікі, бо дзяржаўная машына даволі добра кантралюе ўвесь выбарчы працэс, і як мы ведаем, вынікі рэферэндуму будуць сфальсіфікаваныя. Мы не зможам назіраць сапраўдную волю народа. Не думаю, што для гэтага спатрэбіцца нейкая вонкавая сіла ў выглядзе расейскіх войскаў, каб кантраляваць сітуацыю. Улады вельмі добра падрыхтаваліся да рэферэндуму. Яны зрабілі шмат крокаў, каб атрымаць тыя вынікі, якія ім патрэбны.
Цалкам размова:
З «Госцяй Рацыі» палітолагам Цэнтру аналізу еўрапейскай палітыкі (ЗША) Кацярынай Глод камунікавала Вольга Сямашка.