Ці будуць украінцы ваяваць за Данбас?



Пасля прызнання квазірэспублік ДНР і ЛНР з боку Расеі заканамерна паўстае пытанне адміністрацыйных межаў гэтых утварэнняў. Выхад Расеі з Менскіх пагадненняў у аднабаковым парадку прывёў да таго, што цяпер два непрызнаныя суб’екты пры ўсебаковай, у тым ліку мілітарнай падтрымцы Расеі, будуць самастойна вызначаць свае межы. Больш таго, у так званых канстытуцыях ДНР, напісаных ледзьве не пад капірку, замацаваныя абсурдныя тэрытарыяльныя прэтэнзіі да Украіны адносна таго, што лініі кардону павінны супадаць з адміністрацыйнымі межамі былых Данецкай і Луганскай абласцей. Улічваючы, што цяперашнія марыянеткавыя ДНР і ЛНР займаюць каля 30% тэрыторыі Данбасу, то адказ на пытанне, ці будзе канфлікт выходзіць на іншы ўзровень, адпадае сам па сабе. Будзе, асабліва калі ўлічыць, што на падкантрольных Украіне землях Данецкае вобласці знаходзіцца найбуйнейшы марскі порт Марыупаль. Расейская ўлада, зрэшты, і не стрымлівае апетыты сепаратыстаў у плане тэрытарыяльных прэтэнзій. “Мы ж іх прызналі, а гэта значыць, мы прызналі усе іх фундаментальныя дакументы, у тым ліку і канстытуцыю. У ёй прапісаныя межы у рамках Данецкай і Луганскай абласцей у той час, калі яны былі ў складзе Украіны”, — зазначыў гаспадар Крамля Уладзімір Пуцін. І дадаў, што разлічвае на перамовы паміж Кіевам і прадстаўнікамі прарасейскіх утварэнняў. Зразумела, што такі падыход ад самога пачатку з’яўляецца правакацыяй, паколькі палітычнае кіраўніцтва Украіны па відавочных прычынах не можа лічыць паўнапраўнымі ўдзельнікамі перамоваў кіраўнікоў баевікоў.

Ці будуць украінцы ваяваць за Данбас? Калі адштурхоўвацца ад светапогляднай карціны Уладзіміра Пуціна, якую ён абмаляваў у сваёй антынавуковай гістарычнай лекцыі напярэдадні прызнання ЛДНР, то не павінны. Расейскі нацлідар жыве ў свеце фантазій, у якіх можна памацаць рукамі медалі на грудзях яшчэ жывога заваёўніка графа Аляксандра Суворава. Ён насамрэч верыць у тое, што ўкраінцы — штучная нацыя, якая займела сваю дзяржаву выпадкова з капрызу Уладзіміра Леніна. І менавіта таму ён перакананы, што на тэрыторыі “гістарычнай Наваросіі” жаўнераў РФ будуць сустракаць ледзьве не з букетамі кветак. А як жа іначай, калі Украіне Наваросію падарылі? Насамрэч такія ўяўленні далёкія ад праўды. Нават самы русіфікаваны рэгіён Украіны Данбас стаў такім не таму, што нейкіх міфічных наваросаў увесь час беспаспяхова ўкраінізавалі, але так і не завяршылі працэс. Насамрэч сітуацыя выглядала дыяметральна супрацьлеглым чынам. Менавіта Расейская імперыя, а пазней СССР, зрабілі ўсё, каб русіфікаваць карэннае насельніцтва. У выбары сродкаў гвалтоўнага падпарадкавання імперыя асабліва не стрымлівала сябе. Прыгадаем хаця б калектывізацыю ва Усходняй Украіне ў 1930-я гады, у выніку чаго ад голаду памерлі мільёны людзей. Нягледзячы на ўсе выпрабаванні, мясцовыя захавалі сваю ўкраінскасць, мову і казацкі дух. Украінцы за апошнія 8 год загартаваліся і зразумелі, хто іх сапраўдны сябар і перасталі спадзявацца на знешнюю дапамогу. Яны болей сталі цаніць сваю зямлю і сваю дзяржаву. Таму любога агрэсара на ўкраінскай зямлі будзе чакаць жорсткі адпор з боку матываваных і самаахвярных людзей.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ