Паўлюк Быкоўскі: Гэтая вайна прадказаная



Госць нашага эфіру палітычны аналітык Паўлюк Быкоўскі.

РР: Амерыканцы паведамлялі, што штосьці такое можа пачацца ў бліжэйшыя 48 гадзін.

– Сапраўды гэтая вайна прадказаная. Некалькі разоў называліся тэрміны, калі яна можа пачацца і вось мы бачым, што яна пачалася.

РР: Вы ўжылі тэрмін вайна, але расейцы настойваюць, што гэта вайсковая аперацыя.

– Можна разважаць пра тое, якія тэрміны варта ўжыць, але калі адбываецца ваенная сутычка рэгулярных армій і калі ўжываюцца ракетныя абстрэлы па тэрыторыі сумежнай дзяржавы, то гэта можа перарасці ў іншую стадыю вайны. З пункту гледжання Украіны вайна там ідзе ўжо больш за восем гадоў. Зараз, з пункту гледжання Украіны, Расея адкрыта ўдзельнічае ў гэтай вайне. З пункту гледжання Беларусі тут больш важна тое, што як CNN паведамляе, праз беларускія памежныя пераходы на тэрыторыю Украіны ўехала вайсковая тэхніка – гэта адбылося ў прамым эфіры. Яны паказваюць відэа з камер украінскай памежнай службы. Гэта выглядае больш менш праўдападобна, што Беларусь падтрымала свайго саюзніка – Расейскую Федэрацыю. Гэта пераўтварае Расею і Беларусь у краіны-агрэсары ў гэтай сітуацыі, што вельмі прыкра і што мяняе сітуацыю для Беларусі, а не толькі для Расеі.

РР: Таксама паведамлялася пра гэтую размову а 5-й гадзіне раніцы Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі. Пра што яны маглі там размаўляць? Як вы думаеце?

– Мы не маем такой інфармацыі, можам толькі разважаць. Але казаць пра тое, як Пуцін апошнім часам выступаў у эфіры і паказваў нешта кшталту вочнай стаўкі чальцоў Рады бяспекі Расеі і чытаў лекцыі пра тое, што Украіны як дзяржавы ніколі не было, яе быццам бы прыдумаў Ленін. Усё гэта паказвае, што размова магла быць пра што заўгодна і мы не факт, што адгадаем. Важна тое, што Беларусь ужо ўцягнута ў гэтую сітуацыю. Нават калі з нашай тэрыторыі пайшлі не беларускія танкі, а расейская вайсковая тэхніка, калі гэтыя факты сапраўды адпавядае рэчаіснасці, то гэта вельмі-вельмі моцная змена сітуацыі. Хутчэй за ўсё Беларусь зараз знаходзіцца выключна на баку Расейскай Федэрацыі, што не будзе падтрымана нават Кітайскай Народнай Рэспублікай ці іншымі краінамі, якія звычайна падтрымлівае антызаходнія санкцыі. Я не думаю, што зараз Кітай падтрымае падобнага кшталту агрэсія.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле.

Беларускае Радыё Рацыя