Жыхарка Чарнігава: Людзі да апошняга не верылі, што вайна насамрэч пачнецца
А 5-ай гадзіне раніцы 24 лютага кіраўнік Расеі Уладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай аперацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». Расейская вайсковая тэхніка, у тым ліку бронетэхніка, парушыла дзяржаўную мяжу ў Чарнігаўскай, Сумскай, Луганскай і Харкаўскай абласцях.
На прамой сувязі з нашым радыё спадарыня Вольга – жыхарка Чарнігава.
РР: Што зараз адбываецца ў Чарнігаве?
Вольга: Наша вобласць мае мяжу і з РФ, і з Беларуссю. Мы разумелі, што дарога на Кіеў ідзе праз нашую вобласць. Учора ізноў былі кібератакі. І мы разумелі, што гэта такія прэвентыўныя меры з боку агрэсара. І замежная выведка дакладвала, што гэта адбудзецца цягам 48 гадзін. І я сёння дзесьці а 6-й раніцы пачула сірэны і гук выбухаў. Выбухі былі далёка, аднак я разумею, якой яны былі сілы, што чутно было ў Чарнігаве. Звычайна людзі імкнуцца не панікаваць, падтрымліваць адзін аднаго, аднак ёсць ажыятаж у прадуктовых крамах, банкаматах і ў аптэках.
Пры гуках сірэн я не бачыла, каб людзі беглі да бамбасховішчаў. Людзі да апошняга не верылі, што гэта адбудзецца насамрэч. Аднак гэта адбылося.
РР: Сёння ў СМІ з’явілася інфармацыя, што людзі з’язджаюць з Кіева. Ці ёсць эвакуацыя з Чарнігава? Ці будзе яна аб’яўлена?
Вольга: Эвакуацыі няма. Ноччу прэзідэнт увёў надзвычайнае становішча. А з пачаткам поўнамаштабных ваенных дзеянняў уведзена ваеннае становішча. Аднак людзей з Чарнігава не эвакуююць.
Хачу выказаць словы падзякі беларусам і палякам за падтрымку, якую мы ўсе адчуваем!
Цалкам гутарка ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: ACF