Пра тое, як залежыць будучыня еўрапейскай дэмакратыі ад Украіны



24 лютага 2022 года пуцінская Расея атакавала Украіну. У адрозненне ад падзей 2014 году, калі супраціў украінскай дзяржавы агрэсару быў абмежаваны праз паралюш выканаўчай улады і адсутнасць баяздольнага войска, цяпер сцэнар выглядае інакш. Нягледзячы на тактычныя поспехі, якія зведала расейская армія ў першыя гадзіны вайны, Збройныя Сілы Украіны даюць магутны адпор. А самі грамадзяне Украіны рыхтуюцца сустрэць акупантаў, набываючы зброю і ўступаючы ў войскі тэрытарыяльнай абароны. 

Хоць ніякага вялікага сюрпрызу ў дзеяннях РФ супраць Украіны няма (Пуцін рэалізуе пакрокава сваю стратэгію па знішчэнні дэмакратычнай Украіны), але ўсё адно да апошняга заставалася кволая надзея, што крамлёўскія вар’яты ўсё ж пабаяцца за свае актывы ў еўрапейскіх краінах і ЗША. Аднак спадзяванні на рацыянальнасць расейскага палітычнага кіраўніцтва выявіліся марнымі. Пуцін аддаў загад на маштабнае ўварванне па перыметры усяго дзяржкардону Украіны. На дадзены момант вядома, што ў выніку нападу захопленыя некалькі дробных населеных пунктаў у Луганскай вобласці Украіны, ідуць таксама запеклыя баі ў ваколіцах галоўнага ўкраінскага порту Марыупаля. Расейскія збройныя сілы, маючы перавагу ў авіяцыі і ракетных войсках, выкарысталі гэта на першым этапе, каб нейтралізаваць украінскую супрацьпаветраную абарону. Прыходзяць трагічныя паведамленні пра бамбардаванні ўкраінскіх аэрапортаў, гінуць дзясяткамі цывільныя людзі і вайскоўцы. Таксама ў тг-каналах выкладаюцца відэа пра перасоўванні бясконцых танкавых калонаў праз украінскія дарогі на поўначы і ўсходзе Украіны.

Нягледзячы на першасны шок, Збройныя Сілы Украіны даюць адпор ворагу, які нясе шалёныя страты. Відавочна, расейскі бок не спадзяваўся на тое, што ўкраінскія жаўнеры і афіцэры будуць стаяць за кожны метр сваёй тэрыторыі. Няма ніякага сумневу ў тым, што галоўнай мэтай пуцінскага ўварвання з’яўляецца поўнае палітычнае падпарадкаванне незалежнай Украіны. Крэмль спіць і бачыць, як паставіць на месца легітымнай украінскай улады марыянетачны ўрад, які б выконваў усе геапалітычныя ўстаноўкі Масквы, у тым ліку адмову ад курсу на еўраатлантычную інтэграцыю. Аднак будзе вельмі наіўным лічыць, што на гэтым Пуцін спыніцца. Ён, надзеўшы форму ваеннага злачынцы міжнароднага маштабу, будзе дабівацца поўнага дэмантажу ўкраінскай дзяржаўнасці. Гэта яму неабходна для адбудовы адноўленай версіі СССР, але без фармальных прыкмет суверэнітэту для суб’ектаў новага абъяднання. Зрэшты, расейскі правадыр пра гэта і казаў прама ў сваёй прамове, калі скардзіўся на “недальнабачных бальшавікоў”, якія загуляліся ў нацыянальную палітыку, тым самым “стварыўшы незалежныя дзяржавы”. У дадзены момант Украіна сам насам вядзе вайну за будучыню дэмакратыі на еўрапейскім кантыненце. Ад гэтага супрацьстаяння залежыць не толькі лёс самой Украіны, але і будучыня нашай часткі планеты. У выпадку Беларусі, ад суверэнітэту якой мала што засталося, можна толькі спадзявацца на мужнасць украінскага народу, на долю якога выпалі жахлівыя выпрабаванні.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ