Пра тое, што можа прымусіць Маскву спыніць захопніцкую вайну



На другі дзень вайны, развязанай Крамлём у дачыненні да Украіны, кіраўніцтва РФ сама меней тройчы агучвала ўмовы для правядзення перамоваў (разбраенне ЗСУ і адмова ад курсу на еўраатлантычную інтэграцыю). Будзе лішнім казаць, што выкананне гэтых умоваў — гэта смерць незалежнай украінскай дзяржавы. Разумеючы гэта, можна зрабіць выснову, што Масква насамрэч не асабліва імкнецца весці дыялог на роўных са сваімі ўкраінскімі калегамі. Аднак настойлівасць, з якой зачыншчыкі вайны спрабуюць удаваць сябе за галубоў міра, сведчыць пра тое, што Масква ўсё ж сутыкнулася з вялікімі цяжкасцямі пры рэалізацыі планаў.

Што ж можа прымусіць Уладзіміра Пуціна аддаць загад войскам, каб яны пакінулі Украіну?

Каб скончылася крывавая вайна ва Украіне дастаткова толькі аднаго: палітычнай волі Уладзіміра Пуціна. Калі гаспадар Крамля загадае сваім вайскоўцам, адразу перастануць падаць бомбы на мірныя кварталы ўкраінскіх гарадоў, а расейскія мамы дачакаюцца сваіх сыноў жывымі. Аднак чакаць падобнага павароту падзей можна толькі ў тым выпадку, калі цана ўварвання для самога Пуціна стане непад’ёмнай. І гэтая цана — не ў санкцыях, якія пагоршаць жыццё шараговых расіянаў, але ніяк не адаб’юцца на самаадчуваннях і апетытах пуцінскай эліты. Паскорыць завяршэнне вайны могуць некалькі фактараў. Па-першае, моц украінскае арміі і гатовасць грамадзянаў абараняцца да апошняга. З кожным днём супрацьстаяння расейскае войска нясе страшэнныя страты ў асабовым складзе і ў тэхніцы. У сітуацыі, калі планы на бліцкрыг праваляцца, а ўсё на гэты момант указвае на тое, што расейцы недаацанілі ўсё ж мужнасць і упартасць украінскіх ваяроў, то ў самой Расеі пачнуцца распаўсюджвацца панічныя настроі. Ура-патрыятызм — вельмі ненадзейны сродак для павелічэння папулярнасці. Як толькі сярэдні расеец не зможа купіць хлеб у краме ці ў яго дом пагрукае бяда, адразу імперская палітыка ў яго вачах страціць былую прывабліваць. Зрэшты, да гонару расейскага грамадства: вядомыя грамадскія дзеячы, паэты, музыкі і іншыя лідары думак выказваюцца супраць вайны, хоць такая пазіцыя — гэта акт грамадзянскай мужнасці. Таксама трэба аддаць належнае смелым удзельнікам антываенных мітынгаў па ўсёй Расеі, якіх толькі за вечар 24 лютага затрымалі пуцінскія ўладаахоўнікі каля 1800 чалавек. Такім чынам, масавыя пратэсты ў Расеі могуць прымусіць правадыра завяршыць аперацыю ва Украіне.

Другім фактарам, які мог бы паўплываць на Крэмль, можа стаць пазіцыя Кітая, які рашуча выступіць у падтрымку тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны. Хоць на гэты момант такі паварот падзей выглядае ўтапічным, але можна згадаць, як высілкамі амерыканскай дыпламатыі ў пачатку 1970-х камуністычны Кітай з партнёра стаў супернікам СССР. Улічваючы тое, што для Кітая ЗША з’яўляецца найбуйнейшым рынкам і самым важным гандлёвым партнёрам, то гэты варыянт можа стаць рэальнасцю.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ