Агляд прэсы: цана вайны



Роля Беларусі ў расейскім уварванні ва Ўкраіну. Дапамога Украіне: занадта мала, занадта позна. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў нашым аглядзе.

«Лукашэнка адмаўляе датычнасць беларускіх вайскоўцаў да атакі Масквы, хаця заявіў, што гатовы падтрымаць расейскія сілы ў выпадку неабходнасці , паведамляюць дзяржаўныя СМІ. Але з паведамленнямі аб уваходжанні расейскіх войскаў ва Ўкраіну з яе паўночнай мяжы роля рэжыму Беларусі ў канфлікце ў Еўропе, які нараджаецца, стала падвяргацца больш пільнай увазе», – піша амерыканскі часопіс Time.

«Самае трывожнае, што мы цяпер разумеем і мы не зусім упэўненыя, ці можна разглядаць Беларусь як суверэнную дзяржаву з пункту гледжання кантролю над сваёй уласнай тэрыторыяй, асабліва з пункту гледжання вайсковага кантролю. І Расея, і Беларусь належалі да былога СССР. У гэтыя дні Расея таксама з’яўляецца асноўным гандлёвым партнёрам Беларусі. Хаця Лукашэнка адхіліў некалькі прапаноў Масквы аб больш глыбокай інтэграцыі дзвюх краін, аднак жорсткія выбары ў Беларусі 2020 года змянілі гэта. Відавочна, што Лукашэнка змог застацца пры ўладзе ў Беларусі, дзякуючы падтрымцы Расеі. Але дыктатар настолькі слабы, што цяпер ён не можа папрасіць Пуціна вывесці свае танкі з тэрыторыі Беларусі», – выносіць свой вердыкт амерыканскае выданне і прыводзіць меркаванне многіх экспертаў пра тое, што дазволіўшы расейскім войскам увайсьці ва Ўкраіну з паўночнай мяжы, Лукашэнка фактычна адмовіўся ад сувэрэнітэту Беларусі. Матэрыял амерыканскага Time завяршае рытарычнае пытанне: «Больш за ўсё цікавіць пытанне — ці стане Лукашэнка на нейкім этапе непатрэбным Маскве. На нейкім этапе Крэмль зразумее, што ўстаноўка іншай вертыкалі ў Беларусі будзе для іх куды выгодней».

Расейскае выданне Грани.ру адзначае, што ўпершыню пасля пачатку расейскай агрэсіі супраць Украіны ў 2014 годзе заходнія дзяржавы ўводзяць супраць Расеі сапраўды сур’ёзныя санкцыі. Гэта ўжо прывяло да абвалу на расейскіх біржах. «У перспектыве Расея можа быць адрэзаная ад разлікаў у далярах і іншых сусветных валютах, а экспарт у Еўразвяз расейскіх нафты і газу можа быць спынены. Гэта ў перспектыве некалькіх месяцаў прывядзе да значнага падзення валютных даходаў расейскага бюджэту, паскарэнню росту інфляцыі і збяднення расейскага насельніцтва. Але ад гэтага збяднення да актыўнага выказвання сацыяльнага пратэсту – дыстанцыі вялізнага памеру», – робіць разлікі расейскае выданне і прыходзіць да высновы, хутка такімі мерамі спыніць расейскую агрэсію супраць Украіны не атрымаецца.

«Пакуль што санкцыі зроблены так, каб нанесці максімальную шкоду расейскай эканоміцы, але пры гэтым мінімізаваць шкоду эканоміцы ЗША, Еўразвязу і іншых заходніх дзяржаў. Тут папахвае мюнхенскімі настроямі, якім зараз не павінна быць месца. Расея зараз вядзе вайну на знішчэнне ўкраінскай дзяржавы, і ніякі кампраміс з ёй немагчымы, прынамсі да таго часу, пакуль расейскі напад не будзе паказальна адбіты. Як справядліва заўважыў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, да гэтага часу ёй даводзіцца рабіць гэта практычна ў адзіночку. ЗША і іншыя краіны НАТА не адрэагавалі на просьбу Зяленскага аб увядзенні беспалётнай зоны над Украінай. А Нямеччына адмаўляецца пастаўляць зброю Кіеву і забараняе іншым краінам пастаўляць Украіне наяўныя ў іх германскія ўзбраенні», – пішуць расейскія Грани.ру і заклікаюць Захад да рашучасці.

Кіеў часова перанёс пытанне перамоваў з Расеяй, бо зараз мусіць прайсці вырашальную абарону супраць расейскага наступу і спробы дзяржаўнага перавароту. ЗША абвясцілі аб санкцыях у дачыненні да Пуціна, Лаўрова і членаў расейскага Савета бяспекі. Еўрапейская прэса піша пра тое, што павінны зрабіць Еўразвяз і НАТА.

«Выключаючы магчымасць вайсковага ўмяшання, ЕЗ і НАТА рызыкуюць дапусціць сцэнар, пры якім Расея ператворыць Украіну ў буферную зону», – піша румынская газета Adevărul і задае шэраг нязручных пытанняў:

«Ці ёсць у Захада іншыя магчымасці пакараць Расею? Канкрэтней: пры якіх умовах Захад будзе гатовы разглядаць дзеянні Масквы ва Ўкраіне як casus belli і, такім чынам, пачне рэагаваць на маштабны выклік палітыкі бяспекі ў непасрэднай блізкасці ад зоны, якая ахоплівае НАТА і ЕЗ? Ці ж Захад, наадварот, пастараецца поўнасцю выключыць ваенны ўдзел, як ён пра гэта неаднаразова афіцыйна заяўляў? Ці дапусціць ён, што сітуацыя ва Украіне будзе развівацца ў напрамку ўмацавання буфернай зоны, хоць менавіта гэтага жадае Расея?», – адзначае румынскае выданне.

Пакуль грамадзяне Украіны абараняюцца, шукаюць выратаванне ў бамбасховішчах і на станцыях метро ці спрабуюць пакінуць краіну, Еўропа разважае над тым, чым абернецца вайна, развязаная Пуціным, для кантынента ў доўгатэрміновай перспектыве. Гішпанская газета La Vanguardia прарочыць еўрапейцам цяжкія часы.

«Новыя праблемы з ланцужкамі паставак і, перш за ўсё, рост коштаў на энерганосьбіты, сыравіну і некаторыя харчовыя тавары, да прыкладу, пшаніцу – падшпіляць і без таго вельмі высокую інфляцыю. Грамадзяне павінны падрыхтавацца да таго, каб вытрымаць гэта першае буйное эканамічнае следства ўзброенага канфлікту. Падчас адной з горшых гандлёвых сэсій з пачатку пандэміі ў сакавіку 2020 году, еўрапейскія фондавыя рынкі рэзка аселі: амаль на 4 працэнтныя пункты. Але зараз расейскія фондавыя рынкі ўпалі на 30 працэнтных пунктаў, што з’яўляецца самым яскравым пацверджаннем гістарычнай памылкі Уладзіміра Пуціна», – папярэджвае гішпанскае выданне і раіць рыхтавацца да цяжкіх эканамічных часоў.

Беларускае Радыё Рацыя