Гарадзенцаў вучылі рабіць традыцыйныя беларускія лялькі



Наведвальнікаў “Мова нанова” ў Гародні вучылі рабіць традыцыйныя лялькі. Прысутныя даведаліся, што значыла кожная лялька, а таксама пра тое, што лялькі забіраюць хваробы і няшчасці, а прыносяць здароўе ды каханне. Як прывабіць хлопца праз ляльку, з чаго рабіліся лялькі, якая лялька была не толькі ў хаце, але і на падворку, якія лялькі былі на вясновыя і восеньскія святы? Пра гэта распавяла гарадзенцам Ірына Новік, майстра і выкладчык Універсітэту Залатога Веку.

Пра прадстаўленыя лялькі Ірына распавяла слухачам Беларускага Радыё Рацыя:

Гэта адмысловыя гістарычныя лялькі з тэкстыльных матэрыялаў, якія рабілі ў гэтых мясцовасцях. Тут, дзе сучасная Беларусь, Украіна, вось на гэтых землях. Гэтыя лялькі рабіліся з ужыванага адзення, бо новыя тканіны былі дарагія. Ад таго, што яны неслі ў сабе энергію не толькі зямлі (бо тканіны былі натуральныя), але і энергію чалавека, які насіў іх, часта лялькі рабіліся як абярэгі.

Лялькі можна было не толькі пабачыць, але і паспрабаваць зрабіць сваімі рукамі. А напрыканцы сустрэчы кожны з навучэнцаў арымаў невялічкі падарунак – каляндарык з прыгожымі дзяўчатамі-выкладчыцамі курсаў “Мова нанова”.

[Not a valid template]

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня