Вышывальная акцыя ў Беластоку: супраць рэферэндуму ў Беларусі і вайны ва Украіне



Жыхары горада і беларуская супольнасць сабраліся разам каля сценаў беластоцкай галерэі «Арсенал», каб вышыць палотны ільну чырвонымі і жоўта-блакітнымі крыжыкамі.

Пра значэнне беларуска-украінскага жэсту салідарнасці распавяла арганізатарка падзеі Аліна Ваўранюк:

– Гэта перадусім супраць рэферэндуму. Гэтую акцыю прыдумала Руфіна Базлова, мастачка, якая сама гэтыя крыжыкі ў сваіх працах выкарыстоўвае. Думаю перадусім, каб свету паказаць, што адбылося ў Беларусі, у 20-ым годзе і пасля 20-га году. І калі аказалася, што ва Украіне вайна пачалася, то першая мая думка была як раз такая, што можна ўзяць другую тканіну і вышываць украінскі сцяг. І з усіх месцаў, дзе будуць людзі вышываць, атрымаецца адна вялікая тканіна. Магчыма гэтая тканіна будзе паказаная ў галерэі «Арсенал».

Урачыста адкрыла мерапремства па вышыўцы ў знак салідарнасці з Беларуссю і Украінай дырэктарка галерэі «Арсенал» Моніка Шэўчык:

– Чырвоныя крыжыкі на белым тле – вельмі глыбока звязаны з беларускай культурай. Канцэпцыя такая: што беларусы па-за межамі сваёй краіны, якія былі вымушаны эміграваць, яны не могуць браць удзел у рэферэндуме, не могуць галасаваць. З гэтым праект звязаны. Але гібрыдная вайна ва Украіне ператварылася ў сапраўдную вайну. Ва Украіне адбываецца змаганне за лёс свету, за нашу будучыню. Слава Украіне! Жыве Беларусь!

Агулам на падзею прыйшло каля 40 чалавек. Пасля мерапрыемства ўдзельнікі паступова пераходзяць да будынку Генеральнага консульства ў Беластоку, каля якога а 18-й сёння распачнецца мітынг супраць рэферэндуму і вайны. Многія нясуць па вуліцах Беластоку сцягі Беларусі і Украіна ды антываенныя плакаты.

Беларускае Радыё Рацыя