Кантраляваная дапамога
У Дэпартамент па гуманітарнай дзейнасці Беларусі паступіў калектыўны зварот ад недзяржаўных арганізацыяў. Яны заклікалі ўлады спрасціць парадак атрымання замежнай гуманітарнай дапамогі заміж таго, каб любыя гуманітарныя праграмы ўзгадняць асабіста з кіраўніком дзяржавы.
Парадак паступлення гуманітарнай, замежнай дапамогі рэгулюе беларускае заканадаўства. З падрабязнасцямі можна азнаёміцца на сайце Дэпартаменту. Базавым, нарматыўным актам з’яўляецца прэзідэнцкі дэкрэт № 24 ад 28 лістапада 2003-га году пад назвай “Аб атрыманні і скарыстанні замежнай, бясплатнай дапамогі”. Згодна заканадаўству, гуманітарная дапамога павінна быць накіраваная на: ліквідацыю наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС, аказанне сацыяльнай дапамогі малазабяспечаным грамадзянам, інвалідам, пенсіянерам, дзецям, шматдзетным сем’ям, прыёмным сем’ям ды ўвогуле людзям у цяжкім становішчы. Затым замежная дапамога павінна служыць аказанню медычнай дапамогі, правядзенню навуковых даследванняў і распрацовак ды абвучэнню, спрыянню ахове, рэканструкцыі гісторыка-культурных каштоўнасцяў ды развіццю прыродных запаведнікаў. Зараз, з’явіўся праект новага дэкрэту. Згодна з ім любая гуманітарная праграма ці праект павінны будуць узгадняцца асабіста з Аляксандрам Лукашэнкам. Хутчэй за ўсё тут маецца на ўвазе не сам кіраўнік дзяржавы асабіста, але яго адміністрацыя, але па сутнасці гэта адно і тое ж. Вось таму 29 некамэрцыйных, недзяржаўных арганізацыяў Беларусі накіравалі ў вышэй згаданы Дэпартамент па гуманітарнай дзейнасці калектыўны зварот. Пад ім падпісаліся такія арганізацыі як: Міжнароднае грамадскае аб’яднанне «Узаемаразуменне», Беларускі дзіцячы госпіс, Цэнтр экалагічных рашэнняў ды іншыя. У звароце недзяржаўных арганізацыяў падкрэсліваецца, што замежная, гуманітарная дапамога паступае ў тыя галіны гаспадаркі, якія фінансуюцца дзяржавай. Значыць, яна робіць добрую паслугу, бо выручае сціплы дзяржаўны бюджэт. У калектыўным звароце гаворыцца, што змены ў закон мелі быць прадметам шырокага абмеркавання, аднак грамадскія арганізацыі атрымалі ўжо гатовы дакумент, які рыхтаваўся невядома кім. У любым выпадку нейкімі дзяржаўнымі структурамі.
Вось таму недзяржаўныя арганізацыі далі негатыўную ацэнку новаму законапраекту. У ім поўна неяснасцяў і недагаворак ды проста бюракратычных бар’ераў з боку дзяржавы для атрымання замежнай дапамогі, асабліва ў выглядзе грошай. Цэнтр прававой інфармацыі лічыць, што чым менш дзяржава ўмешваецца ў замежную дапамогу, тым больш яе паступае з карысцю для грамадзян і тае ж дзяржавы. Згаданыя 29 арганізацыяў заклікалі адмовіцца ад рэгістрацыі донараў, вызваліць атрымальнікаў дапамогі ад падатку на прыбытак і мытных збораў, вызначыць мінімальную суму грошай, якая не падлягае рэгістрацыі. Яны лічаць, што гэта ненармальна і непрыймальна, каб нехта, хай сабе гэта будзе бюджэт, нажываўся на чалавечай бядзе. У свой час кесар Эфіопіі Гайле Сэляссе патрабаваў ад Чырвонага Крыжа для сябе 30% вартасці гуманітарнай дапамогі за дазвол паставіць яе галадаючым. Антыўрадавыя паўстанцы ў Камбоджы, Судане, Самалі і ў многіх іншых краінах выстаўлялі яшчэ большыя патрабаванні: паміж кансервамі і мукой пастаўляць ім аўтаматы і боепрыпасы. Не было выйсця. Прыходзілася выканаць гэтае патрабаванне.
Наконт зменаў у беларускім заканадаўстве ў мяне ёсць на гэта свая тэорыя. Па-мойму, з боку ўладаў гэта перастрахоўка як у свой час з законам аб масавых мерапрыемствах. Вось у Данбас едуць з Расеі так званыя гуманітарныя канвоі, але там у грузавіках больш зброі, чым прадуктаў. Узброеныя так званыя “апалчэнцы” не даюць праверыць ніводзін груз. Што было б, калі б у выпадку гіпатэтычнага беларуска-расейскага канфлікту падобныя канволі пачалі накіроўвацца ў Беларусь? Гэта ж быў бы паўтор сітуацыі на ўсходзе Украіны. Значыць трэба на ўсялякі выпадак правяраць любую, гуманітарную дапамогу з-за мяжы, бо калі там няма зброі, дык дастаткова, што будуць грошы для апазіцыі. Думаю, што з думкай пра гэта і плануецца ўвесці больш жорсткі закон пра гуманітарную дапамогу. А тое, што няшкодная для ўладаў дапапога не трапіць да людзей у бядзе, гэта нікога не цікавіць.